О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

понедельник, 29 января 2018 г.

Урок ведаў


Урок ведаў на тэму
“Ад Полацка пачаўся свет”
Настаўнік : Алексіна Ганна Пятроўна
Тып урока: урок ведаў
Мэты ўрока:
ü Удасканальваць духоўна - ….. адносіны і пачуццё дачынення да роднага горада;
ü Прывіваць цікавасць да культурнай і гістарычнай спадчыны  свайго народа;
ü Выхоўваць грамадзяніна-патрыёта, маючага ідэі дабра і справядлівасці, здольнага працаваць на карысць Айчыны;
ü Выхоўваць павагу да гераічнага мінулага народа;
ü Фарміраваць маральныя якасці вучняў праз разуменне грамадзянскага абавязка і неабходнасці свайго ўдзелу ў эканамічных, сацыяльна-культурных працэсах, якія адбываюцца ў дзяржаве.
Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне:
ü   Музычныя творы;
ü   Кампутарная прэзентацыя;
ü   Нацыянальнае адзенне ўдзельнікаў.
Удзельнікі ўрока:
ü   вучні 10 класа

Сцэнарны план пазакласнага мерапрыемста
 “Ад Полацка пачаўся свет


Ход урока:
Гучыць фанаграмаМой родны кут” у выкананні ансамбля “Песняры” (выходзяць вучні і выкладчык)

1. Арганізацыйны момант.
Выкладчык: Добры дзень. Давайце знаёміцца! А зробім мы гэта наступным чынам: у вас на сталах ляжаць кропелькі. Напішыце на іх, калі ласка, адно слова, якое найбольш поўна характарызуе вас як асобу. У вас на гэта паўхвіліны.
·                   А зараз звярніце ўвагу на гэтае дрэва. Вы бачыце, што на ім няма лісця. А каб з’явіліся лісцікі, дрэва трэба паліваць. Таму, калі ласка, давайце прымацуем свае кропелькі над нашым дрэвам, толькі па аднаму, называючы пры гэтым сваё слова.
Сёння – свята, якое адкрывае для вас пачатак навучальнага года. Наш урок называецца “Ад Полацка пачаўся свет.”
2. Матывацыя і мэтавызначэнне.
Вучаніца (на фоне музыкі)
Радзімачка-Радзіма!
Радзімая Зямля,
Мяне ты нарадзіла,
У дарогу правяла!
Сатканы луг з рамонкаў
Мне сніўся па начах,
А ты бярозкай тонкай
Стаяла ў вачах…
Ты бачылася ў росах,
У птушцы трапяткой,
У воблачках бялёсых,
У сцежачцы крутой…
Радзімачка-Радзіма!
Куточак родны мой!
Паўсвету я схадзіла,
Ды не найшла такой!

В. 1:  Мая краіна, мая Бацькаўшчына, - усяго чатыры словы, але ж, якая моц гучыць у іх, колькі пяшчоты, колькі гонару маюць яны! Наша вечна маладая, пастаянна квітнеючая і такая старажытная полацкая зямля. Наш родны кут… А ці задумваліся вы над выразам”Родны кут”? Які сэнс маюць гэтыя словы для кожнага з нас?
В. 2: Пра тое – што гэта? Ніхто дасканала растлумачыць не можа. Для адных гэта месца, дзе нарадзіўся, для іншых – гэта родная дзяржава, а для некаторых – проста спалучэнне слоў, бо яны не задумваліся над гэтымі словамі.
В. 3: Так, нялёгка знайсці адназначны адказ на такое пытанне. Той, хто шмат вандраваў за межамі нашай краіны, амаль заўсёды кажыць: “У гасцях добра, а дома лепш!” Дзе б Вы не былі, чаго б толькі не бачылі, але ж заўсёды душа цягнецца да роднай зямлі, роднай хаты. Ці бачылі вы дзе больш прыгожыя палі, лясы, больш шырокую прастору рэк і азёр, ці чулі больш мілагучны спеў салаўя? Ды ніколі і нідзе не ўбачыце, не пачуеце такога!
В. 4: Я лічу, што словы Я.Коласа з паэмы “Новая зямля” дапамагаюць нам лепш уразумець сэнс слоў “Родны кут” :
Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы.
Не раз утомлены дарогай
Жыццём вясны маёй убогай
К  табе ў думках залятаю
І там душою спачываю.
Сапраўды, прыроду, прыгажэйшую за беларускую, цяжка знайсці!
3. Работа па тэме ўрока.
В. 5: Мы можам ганарыцца прыгажосцю сінявокай полаччыны сваёй. Але, кажучы пра прыгажосць прыроды, трэба казаць і пра сакавітасць, мілагучнасць нашай беларускай мовы. Яно і не  кепска ведаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю. Так, кожная мова мае нешта цікавае, але той мілагучнасці, якая ёсць у мове роднага краю, нідзе не пачуеце.
В. 6: І не здарма М.Танк такія словы напісаў пра нашу мову.
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузоряў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, з шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,-
Ты выткана, дзіўная родная мова.
В. 1: Шчырыя, прыгожа напісаныя словы – душу кранаюць. А калі на такія словы песня напісана! Песня пяецца, як з душы ліецца. А калі песня ад душы, ды скокі вясёлыя. Дык глядзець – не наглядзецца, слухаць – заслухацца.
Шануюць традыціі ў нас на Беларусі, бо традыцыйнае культура беларусаў мае глыбокія карані. І святкуем мы так, што сэрдца ў грудзях узыграе, і зазвоняць усе струны душы.

(Выкананне песні “Палачаначка”)

В. 2: Вось кажаш: “Традыцыі, побыт, культура”. А з чаго гэта ўсё бярэцца? З гісторыі. Былі ў нашай гісторыі і ўздымы і заняпады. Але ж мы дасягнулі пэўнай мэты. Мы шануем нашу гісторыю, яна не заняпала. І  маем права ганарыцца, бо мы не забыліся сваёй гісторыі. Той, хто не памятае яе – здраднік і не мае будучага. Мы  маем гістарычную спадчыну і ганаровае званне “ палачане” .


Выкладчык: Беларуская зямля – захавальніца помніку культуры народа, які тут жыве. Са старажытнасці прыйшлі да нас Сафійскі сабор у Полацку,  Стары замак у Гродне, Троіцкае прадмесце ў Мінску, Брэсцкая крэпасць…Усе гэтыя назвы вам вядомыя.
Сёння кожны палачанін ганарыцца духоўнай спадчынай нашых продкаў. Пра  ўраджэнцаў Полацка, якія ўнеслі ўклад у  сусветную культуру, мне хочацца яшчэ раз вам напомніць.
(Паказваюцца слайды ці партрэты)
Ефрасіння Полацкая – гэта беларуская асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку. Першая жанчына на Русі, кананізаваная праваслаўнай царквой. Імя Ефрасіння Полацкай займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі. Яна заснавала жаночы манастыр, які стаў астветніцкім цэнтрам не толькі на беларускіх землях. Кнігі, што перапісваліся ў гэтым манастыры, былі вядомыя і ў Ноўгарадзе, і ў Кіеве. Па загадзе Ефрасінні была пабудавана Спаса-Ефрасіннеўская царква, што ўпрыгожыла Полацк, а таксама некалькі храмаў. Яе дзейнасцт пакінула след не только ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа, народа, адвеку звязаннага з кнігай, народа, што з тых далёкіх часоў пракладваў ва ўсходнеславянскіх землях шляхі асветніцтва і адукацыі.
У Полацку жыў і славуты майстар-ювелір Лазар Богша, які  па загадзе Ефрасінні зрабіў знакаміты шасціканцовы крыж.

З дзяцінства ведаем імя
Францыска мы Скарыні –
Выдатнага пісьменніка і друкара,
Вучонага, асветніка Радзімы.
Вялікі дзеяч, гуманіст
Усёй душой імкнуўся да народа,
Гатовы быў ахвяраваць сабой
Дзеля яго шчасця і свабоды.
З маленства ведаем, што ён
Адданым быў сваёй Радзіме.
Не хвалявалі яго ні багацці,
Ні пасады на чужыне.

Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую пакінулі сваім нашчадкам. Наш славуты зямляк Францішак Скарына – найярчэйшы прыклад таму.
Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу. Гэты час называюць Адраджэннем, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры. Першадрукар хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць і навуку.
Сярод выдатных людзей беларускай зямлі нельга не ўспомніць і пра Сімяона Полацкага, які адыграў вельмі важную ролю ў гісторыі.
Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, грамадскі і царкоўны дзеяч, ён стаў адным з пачынальнікаў паэзіі. Ён пісаў на лацінскай, польскай, беларускай мовах. У шматжанравай літаратурнай спадчыне Сімяона Полацкага ёсць нямала твораў, дзе разглядаюцца ідэйна-філасофскія і эстэтычныя праблемы мастацтва – літаратуры, музыкі, жывапісу.
Можна назваць імёны многіх і многіх, але наш урок не такі доўгі і таму вашай увазе мы прадстаўляем конкурс інсцэніраванага пытання.

(конкурс інсцэніраванага пытання)

Матэрыялы для падрыхтоўкі да конкурсу інсцэніраванага пытання

Д
З
Е
Я
Ч
Рэквізіт
Што адбываецца на сцэне
Фармулёўка пытання
Р
А
Г
В
А
Л
О
Д
Меч, гарлач, хусцінка з зямлёй, хлеб,
чорная скрынка, касцюм Х ст.
На стол пад словы задаючага пытанне выносяцца: вада ў гарлачыку, зямля ў хусцінцы, меч, а потым чорная скрынка.
На думку доктара гістарычных навук П.Чыгрынава ў час да прыняцця хрысціянства і ўзнікнення клятвы крыжацалавання, полацкія князі пад час цырымоніі урачыстай інаўгурацыі кляліся: вадой, зямлёй, зброяй і гэтым. Так, магчыма, кляўся і князь Рагвалод. Назавіце недастаючы элемент клятвы князя, ён знаходзіцца ў чорнай скрынцы.
Адказ: Князь кляўся вадой, зямлёй, зброяй і хлебам. У скрынцы хлеб.
У
С
Я
С
Л
А
Ў

 Ч
А
Р
А
Д
З
Е
Й
Званочкі
Тры дзяўчыны стаяць на сцэне і ўсміхаюцца, выходзіць хлопец з мячом і забірае у адной званочкі і перадае другой
Словы задаючага пытанне: ў тыя далёкія часы было на Русі тры мудрыя дзевы, слава аб іх грымела на ўсе землі рускія. Але тут прыйшоў да адной з іх госць няпрошаны з мячом, адабраў голас яе звонкі і падараваў другой дзеве. Аб якіх мудрых дзевах ідзе размова і хто гэты няпрошаны госць?
Адказ: Князь полацкі Усяслаў Чарадзей у час пахода на Ноўгарад зняў званы з Наўгародскай Сафіі і прывёз іх у Полацк.
Е
Ў
Ф
Р
А
С
І
Н
Н
Я
Стол,
два крэслы
За сталом сядзяць два хлопцы і нешта разглядваюць на стале, перакладаючы паперы, адзін аднаго будуць называць па імені па бацьку.
Задаючы пытанне гаворыць: недзе ў канцы ХХ стагоддзя ў нетрах інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі паміж дзвума навукоўцамі адбываецца наступная размова.
Першы: Ведаеце, паважаны калега., вывучаючы ХІІ ст. на Полаччыне, я зрабіў вялікае адкрыццё. Мне здаецца, што ў гэты час там наступіў сапраўдны матрыярхат.
Другі: На якой жа падставе, паважаны калега, вы робіце такія сенсацыйныя вывады?
Першы: А вось паглядзіце, ні ў які другі перыяд гісторыі Полаччыны мы не сустрэнем столькі жаночых пячатак за кароткі час: тут і пячатка княгіні Сафіі і дачкі яе Еўфрасінні Полацкай...
Другі: Сапраўды. Што ж з мужчынамі  здарылася, куды яны падзеліся? Вось напішыце аб гэтым дысертацыю.
Пытанне: чым можна патлумачыць павялічэнне ролі жанчын княжаскага роду ў ХІІ ст. і што здарылася з мужчынамі?
 Адказ: з’яўленне большай колькасці “жаночых” княжаскіх пячатак тлумачыцца павялічэннем ролі жанчын у час т.зв. візантыйскага выгнання полацкіх князёў.
Я
К
А
Ў

П
А
Л
А
Ч
А
Н
І
Н
меч
Адзін вучань з мячом і вучань, задаючы пытанне, стаяць на сцэне
Задаючы пытанне: Як вядома, каталіцкая царква стварыла дактрыну “дзвух мячоў”: фізічнага, які знішчае ўсіх ворагаў як зброя, і духоўнага, які разіць ворагаў як слова божае, для абаснавання крыжацкіх паходаў. Прапануйце, якую дактрыну сфармулявалі ўсходнія славяне ў адказ, успомніўшы словы аднаго знакамітага дзеяча і падзею падчас якой яны былі сказаны, а так сама нашага славутага земляка, удзельніка гэтай падзеі.
Адказ: Словы Аляксандра Неўскага: “Хто да нас з мячом прыйдзе, ад мяча і загіне” пад час бітвы з нямецкімі рыцарамі на Няве, дзе вызначыўся і наш зямляк Якаў Палачанін.
Ф
Р
А
Н
Ц
Ы
С
К

С
К
А
Р
Ы
Н
А
Дзве кнігі, свечка, бярозавыя пруты, гаршчок, стол
Адзін чалавек задае пытанне, другі клапатліва расклаўшы рэквізіт на стале чакае настаўніка з астатнімі хлопцамі на падлозе
Задаючы пытанне: Вы бачыце школу часоў Францыска Скарыны: вось стол настаўніка, кнігі, вядома ж рукапісныя яшчэ, тут і вельмі моцны педагагічны сродак тых часоў – бярозавыя розгі. А вось гаршчок, які прыносіў у школку вучань. У ім залітая мёдам прасяная каша, а зверху ў мёд паложаны манеты. Усе, і настаўнік і вучні з нецярпеннем чакалі, калі можна будзе з’есці кашу.
Наша пытанне: Адкажыце, якую важную падзею ў тагачасным навучальным працэсе святкавалі такім чынам і кім пасля яе рабіліся вучні і настаўнік?
Адказ: такім чынам, у школцы часоў Скарыны, на думку Анатоля Клышкі (Клышка А. Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга. Мінск, 1995), святкавалі заканчэнне вывучэння адной царкоўнай кнігі і пераход да другой, а з’еўшыя кашу станавіліся – аднакашнікамі.


(можна паказваць не ўсе пытанні)
В.3: Мы прыйшлі да высновы, што ўсе гэтыя нашы словы і растлумачвуюць сэнс паняцця “родны кут”.
Родны кут – гэта нешта запаветнае, дарагое і блізкае для кожнага чалавека.
В. 4: Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, гэта бясконцыя жылы рэк і люстэркі азёр, а таксама любоў да маці, павага да мовы, захаванне традыцый, гэта маральны і духоўны скарб народа, які ні ў якім разе нельга страціць.
В. 5: Мы можам знаходзіцца ў любым горадзе свету, але ў нашым сэрдцы заўсёды будзе жыць родны Полацк – наш РОДНЫ КУТ.
(чытанне вучнем верша Валянціны Караван “Полацку”)

…. І куды б вы, сцяжынкі, мяне не вялі,

Па якіх бы лясах не блукала я зранку,

Але ўкленчу на роднай бацькоўскай зямлі:

Ты калыска мая, ты мая калыханка.


Прадчуваю: званы раздаюцца бліжэй,

І таму на душы маёй смутак і горыч,

Бо заўжды для мяне ты за ўсё даражэй –

Старажытны і любы мне горад.


І мне плынню ніякай не хочацца плыць –

Для цябе безгалосым застацца падранкам.

За цябе маё сэрца начамі баліць –

Ты калыска мая і мая калыханка.

Беларускі народ – высокаінтэлектуальная, таленавітая і духоўная нацыя. За апошнія гады свет больш даведаўся пра беларусь і беларусаў, дзякуючы палітыцы па інтэграцыі нашай дзяржавы ў сусветную палітычную і эканамічную сістэму,дасягненням у галіне выкарыстання навукаёмістых тэхналогій, перамогам на спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах. Не застаўся у баку і Полацк.Эфектыўныя установы адукацыі, кампетэнтныя, прафесійна падрыхтаваныя кадры, высокі ўзровень навукі і вытворчасці – гэта тыя складальнікі, якія здольныя забяспечыць дынамічны прарыў і развіццё нашага старажытнага горада.
Асаблівыя спадзяванні сёння ўскладзены на маладых грамадзян. За імі будучыня. Моладзь сёння – самая актыўная частка грамадства са сваім светапоглядам, імкненнем зрабіць свет лепшым. Усё добрае, што робіць чалавек, ён робіць у імя будучыні, а менавіта ж моладзі належыць заўтрашні дзень, ёй трэба будзе прымнажаць эканамічны і інтэлектуальны патанцыял Беларусі, захоўваць унікальную гісторыка-культурную спадчыну, клапаціцца аб працвітанні краіны. Таленавітыя маладыя кадры – найвялікшы здабытак Полацка, і ён па праве ганарыцца поспехамі сваёй моладзі і стварае ўсе ўмовы для развіцця здольнасцей і талентаў маладых грамадзян.
Асноўным арэенцірам ва ўсіх сферах дзейнасці з’яўляецца якасць. Якасць вытворчасці, якасць кіравання, якасць жыцця чалавека – асноўныя складнікі, на якіх цвёрда трымаецца наш горад. Сёння  ад кожнага патрабуецца поўная самааддача і напружаная праца на карысць усяго грамадства. Менавіта ў гэтым праяўляюцца грамадзянскія якасці патрыёта, які справай даказвае любоў да роднай краіны. Актуальная задача – якасна жыць, працаваць, вучыцца. Якасць павінна стаць ладам жыцця і пачынацца з канкрэтнага чалавека – яго кваліфікацыі, адказнасці.
Полацк славіцца не толькі дасягненнямі ў галіне навукі і культуры. Немагчыма пакінуць без увагі прыроднае багацце нашай краіны. Полацк – край лясоў, лугоў, азёр.
Зазірніце на экран і ўспомніце свае родныя, блізкія куточкі нашай полаччыны і вы ўсе адчуеце прыгажосць нашай радзімы.

 (чытанне  вучнем верша Надзеі Ярмак Полацку”)

“Квітней у вяках, гарадоў нашых бацька,

Прымай хлебам-соллю гасцей і сяброў.

Памножым мы славу тваю і багацце,

Табе наша вернасць і любоў”.


4. Падвядзенне вынікаў.

Выкладчык: Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў прапанаваў увесці паняцце “полацкі менталітэт”. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін адгукнуўся на гэту ідэю вершам, якім і хочацца падагульніць наш урок:
Есць полацкі менталітэт –
Ад Еўфрасінні, ад Скарыны,
Ад той абрынутай адрыны,
Дзе сон шукаў
Свой сонны след ...
Ад Полацка пачаўся свет.
Пра небачолых кажам:
З нашых!
Ёсць Беларусь,
А гэта значыць –
Ёсць полацкі менталітэт!

Рэфлексія
Метад  “Хоку”
5-7-5 складоў
•        На кропельках, якія ляжаць на Вашых сталах, неабходна напісаць выснову сённяшняга ўрока цікавым метадам “Хоку”, які складаецца.
1.      5 складоў (галосных)
2.      7 складоў
3.      5 складоў
Напрыклад,
Лёс чалавека
Здольнасць захапляцца
Свабода і рух

Жадаю Вам поспехаў, здароўя.
Урок закончаны. Да пабачэння!


Комментариев нет:

Отправить комментарий