О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

четверг, 1 февраля 2018 г.

Сцэнар мерапрыемства “Ой, калядачкi, блiны ды аладачкi”

Мэты і задачы:
      - пазнаёміць вучняў з традыцыямі беларускага народа, яго культурнай спадчынай;
-         звярнуць ўвагу школьнікаў на багацце беларускага фальклору;
-          пазнаёміць са святам Каляды ў старадаўнія часы і асаблівасцямі яго святкавання ў нашай мясцовасці;
-         выхоўваць павагу, цікавасць да народных свят.
Абсталяванне: пасярэдзіне залы стол, засланы саматканым абрусам. На стале – свечка, куцця, кісель, вушкі, грыбы, пячэнне, хлеб. Лавы засланы дыванамі.
Узрост : 5-9 класы
Месца правядзення: этнаграфiчны музей школы

( На фоне музыкі “Ціхая ноч” гучыць верш)
Каляда, Каляда, на зямлі — Святы Вечар,
нарадзіўся у яслях Збавіцель і Бог.
І пасталі бярозаў танклявыя свечкі
паабапал заснежаных, белых дарог.
Халадно. Мо таму, што зіма на парозе,
адчуваецца лютасць суровай пары,
а ў полі пустым па шырокай дарозе
плачуць нечаму сумна ліхія вятры.
Каляда, Каляда... Нават зорам трывожна.
Па заблытаных сцежках крутога жыцця
да сваіх ў гэты вечар спяшаецца кожны,
дзе ў сям'і за сталом нас чакае куцця.
Сена пах, яліны, стаяць розныя стравы,
прытаміўшыся, маці шчасліва маўчыць.
Садзяцца сыны на шырокія лавы,
што сышліся дамоў, каб душой адпачыць.
Добра сесці разом, слязу радасці ўцерці,
адчуваць, што ў застоллі, што побач браты,
у душы чысціня і узнёслыя сэрцы,
бо з людзьмі разам Бог ў гэты Вечар Святы.
Сёння сэрцам з усімі куццю раздзяляем,
хто за стол наш не змог на вячэру прыйсці,
ўсіх далёкіх і родных сваіх ўспамінаем
і дабра ўсім і шчасця жадаем ў жыцці.

За святочным сталом — няхай кожнаму месца
каля вернага сэрца сясцёр і братоў.
Няхай будзе ў вас, як ў харошай сямейцы,
ўсім па роўні ў жыцці і куцця, і любоў.
-         Шаноўныя сябры! Дзіва дзіўнае, адвечнае адбылося: зусім нядаўна павярнулася сонца ад зімы на вясну. Гэта час зімовага сонцазвароту. І ў гэтыя дні-вечары людзі святкуюць Калядкі – зімовыя святкі. І мы, вясёлыя ды гаманкія, прыйшлі пакалядаваць да гаспадароў гэтай хаты:цёткі Шчодры і дзядзькі Цярэшкі
Звычайная беларуская хата, стол, лаўкі, на куце фіранкі, унізе, на падлозе ,чыгун з кашай, які стаіць у сене. У пакоі дзед і баба, з імі іх унучка.
Баба збірае на вячэру
Баба : (седзячы за сталом) Ці бачыш мяне дзед?
Дзед:  Не бачу!
Баба: Каб жа ты не бачыў за стагамі , за капамі, за вазамі, за снапамі свету!
Дзед : А ці бачыш ты мяне?
Баба: Не бачу!
Дзед: Каб жа ты не бачыла за гуркамі, за гарбузамі, за капустаю, за буракамі свету!
        (Пасля баба пачынае з-пад абруса даставаць сянінкі і прыгаворваць):
Баба: Зараз я, мае вы даражэнькія, паваражу, ці будзе у нас у гэтым годзе добры  лён.
         (Пачынае выцягваць з-пад абруса сянінкі)
Баба: Во, глядзіце, якая вялікая сянінка выцягваецца, будзе добры ў нас лён, вялікі.
Дзед: Дзякуй богу!
Унучка: Бабулька, я зараз прынясу куццю, паглядзіце, ці будзе добры ўраджай ячменю.(Усе глядзяць куццю.)
Дзед: О, дзякуй богу! Будзе добры ячмень, во якая густая ды надсохлая!
Усе разам: ды мусіць і смачная!
Баба: Паглядзі ўнучка ў акно, ці ёсць на небе зоркі, ці многа іх?
Унучка: (глядзіць у акно).Ой,бабулька і дзядулька, неба ўсё ўсыпана зоркамі.
Дзед: От добра. Гэта азначае, што летам будзе вельмі многа грыбоў.
Баба: А вось калі з поўдня пасыплецца град, то будзе ўмалотны гарох.
Дзед: Акалі будзе ісці густы снег- дык будуць раіцца пчолы, а ёсць пчолы - дык будзе многа мёду.
         (Усе садзяцца вячэраць).
Дзед: Ты ж ,баба, сёння не мый лыжак , а звяжы іх суконнай ніткай і пакінь на стале, каб авечкі не адбіваліся ад дому.
Баба: Ты ж дзед,занясі ў хлеў сена, што ляжыць на куце, на якім стаяў чыгун з куццёю і дай карове і авечкам, ды не забудзь сыпнуць снегу ў вочы свінням, каб не лазілі ў шкоду.(Дзед бярэ сена і выходзіць.)
Баба: Унучка, пачытай мне, калі ласка, тую кніжку, дзе пішацца пра Каляды.
Унучка: Бабка,  гэта  кніжка  называецца "Новая зямля", а напісаў яе Якуб Колас.
    Чытае:
    На першы дзень святых Калядак-
    Такі ўжо быў святы парадак-
     Збіралі сена са стала,
     Кармілі ім каня, вала
     І ўсіх жывёлін, хоць па жмені,
     А на стале ў драбнюткім сене-
     Здавен-даўна вялося гэта:
      Уважна зернетак шукалі
     І па тых зернетках гадалі,
      Які зародзіць хлеб на лета
                    (Уваходзіць дзед)
Дзед: О,унучка чытае нашы любімыя вершы, малайчына.
Эй ,бабка, давай  арэшкі ды гарбузікі, сёння Каляды, будзем ласавацца.
Бабка: О, зараз знайду, прынясу!
(Прыносіць гарбузікі,арэхі,пачынаюць жартаваць,гуляюць у цот і лішку.
 За сцэнай чуваць жарты,песні.)
Бабка: Вай, чуеце, што на вуліцы музыка грае, напэўна казу вядуць !?
           (Унучка з дзедам бягуць да акна,углядаюцца.)
Унучка: Бабка , так,так "казу" водзяць вунь і да нас заварочваюць ў двор.
Бабка: Вай, вай, да нас ідуць.
(У хату стукаюцца).
Дзед: Заходзьце,калі ласка.
Калядоўшчыкі спяваюць песню
1калядоўшчык : Каляда для ўсіх сяброў
Смачных напякла бліноў!
2 калядоўшчык : Блін як сонца, круглы, жаркі,
Са смятанай ці са шкваркай,
3 калядоўшчык :  Мы бліночкаў вам прынеслі.
На здароўе!
(дзяўчынкі з блінамі хорам):

–          Смачна есці!
(кароткая музычная паўза, тры дзяўчынкі прабягаюць з талеркамі паміж радамі)

Баба:
А мае ж вы людцы,
Якое дзеду гулянне?
Нам самы сон
Ад вячэры да снядання.
Дзед:
Што ты , баба,
Ці ж даўно мы былі маладыя?
І гулялі і кахаліся,
І крадком цалаваліся!
Ці ты ўжо забылася,
Ці баішся, каб за мяне дзяўчаты не пабіліся?
Баба:
Ой, кавалер, галава, як гляк, лыса.
Глядзі, каб не пабілася аб яе міса!
(Адзін з калядоўшчыкаў падыходзіць да стала, заглядвае пад абрус)
1 калядоўшчык: Скажы, Баба, што тут пад абрусам,
Не то дзедава прычоска , не то сена?
Баба: А вось я хачу ад вас, госцейкі, пачуць, нашто на Каляды пад абрус сена кладуць?
  2 калядоўшчык: А ну адгадайце! Хто правільна адкажа ,
Таму баба салам губы памажа.

(Гучаць розныя версіі, нехта адкажа правільна).

  Баба: Існуе такі калядны звычай: чым даўжэйшая трава, тым лепшы
ўраджай будзе.                                               
        3 калядоўшчык : Дзеду, дзеду, скажаш ці не,
Што за скарбы ў цябе ў чыгуне?

(Дзед ставіць саган на стол).

          Дзед: У гэтым сагане
Калядная куцця,
А з ёю цэлы год
Заможнага жыцця.
Баба: Ціха. Дайце паслухаць,
Хто так хораша спявае?
(Гучыць песня)
Баба: Ой, як хораша спяваеце!
Мусіць ад Бога талент маеце!
У гэты час заходзіць другая група калядоўшчыкаў начале з механошам, два хлапцы з Казой і другі музыка. Пачынаюць хлопцы з Казой.)

1калядоўшчык : Добры дзень усім людзям,
І мы шчадраваць будзем!
Мы да вас прыйшлі
і каня прывялі!
2 калядоўшчык : Паглядзіце, што за конь!
Грыва ўецца, як агонь!
Конь у нас рагаты,
Барада лапатай,
Ногі спрытныя – туп-туп,
Вочы жоўтыя – луп-луп.
3 калядоўшчык :  А як голас падае –
Усе чуюць…
Каза:  Ме-е! Ме-е!
Унучка:  Які ж гэта конь? Гэта ж каза!
Каза: Гэта я, каза,
Я да вас прыйшла!
Дзе каза ходзіць,
Там зямля родзіць.
Дзе каза паскача –
будзе ўсім удача!
Барадою патрасе –
дабрабыту прынясе,
Дзе казу частуюць –
Увесь год не бядуюць!
(музыка грае, усе калядоўшчыкі танчаць на сваіх месцах – каза танчыць на першым плане, прабягае 1 кола і падае)
3 калядоўшчык:   Вой-вой! Што рабіць?
Як Казу нам ажывіць?
4 калядоўшчык: Нашай казе не шмат трэба: сем печ перапеч, рэшато аўса, наверх кілбаса!
  Баба:  Ой, божа мой, што зрабілася? Каза ваша забілася!
3 калядоўшчык: Яна бедная стамілася, ад голаду з ног звалілася. Трэба, гаспадыня, пачастункаў даць, каб казу падняць!
4 калядоўшчык: Нашай казе шмат не трэба.Усяго дзве буханкі хлеба.
3 калядоўшчык: Ды трошкі жыта,каб каза была сыта. Ды жменю аўса, каб каза расла!
(Гаспадыня дастае з -пад стала пачастункі, але дае яна ўсяго па маленькім кавалачку, шкадуе пачастункаў для выратавання казы).
Дзед: Вось аўса і хлеба трошкі. Ці не ўстала козачка ваша на ножкі?
4 калядоўшчык: Трэба даць добры кавалак сала, каб наша козачка ўстала. Казе нашай сала доктар прапісаў.
Дзед: Вось вам і сала, каб ваша козачка ўстала!
1калядоўшчык: А калі каўбаскі трошкі, то ўстала б козачка на ножкі.
Дзед:І каўбаскай вас ледзь-ледзь мы пачастуем. Больш няма, самі па гэтаму сумуем!
2 калядоўшчык: І два піражочкі, каб адкрыла каза вочкі. І аладкі, каб былі бакі гладкія.
Дзед: Ні аладак, ні піражкоў няма ў нас. З'елі мы ўжо ўвесь запас!
3 калядоўшчык: Ой, гаспадыня, ой, гаспадар, казу вам не ўратаваць, калі нас болеей не пачаставаць!
Баба:  Нешта з памяццю маёй зрабілася, не ведаю, куды ўсё згубілася!
4 калядоўшчык: Дык лепш за цябе я ўсё скажу, i дзе што ляжыць, падкажу! Я бачу, што ў скрыні ляжыць кавалак сала?
Баба:  Няма там сала, мыш усё пакрала!
2 калядоўшчык: Ой, як смачна пахнуць у сенцах каўбасы?
Баба:  Мы ж  яшчэ восенню з'елi ўсе прыпасы!
2 калядоўшчык: Я чую, як нешта булькае ў печцы?
Баба:  Дык гэта з раніцы ў коміне свішча вецер!
3 калядоўшчык: Вы , гаспадыня і гаспадар, не маніце, а пачастункі хутчэй нясіце.
Усе разам: Паспяшайце, ды казу да жыцця вяртайце!
1 калядоўшчык: Калі казу вам не ўратаваць, шчасця ў хаце вашай не відаць!
2 калядоўшчык: Калі жадаеце вы так, зараз козачку мы возьмем, i да іншай хаты калядаваць мы пойдзем!
Баба:  Ой-ой, не ўхадзіце, пачакайце, пасядзіце. Мы не жадаем , каб ўсе беды і няшчасцi ў нас былі! Згодны вашу козачку мы выратаваці!
Дзед: Пра казу мы пазабыліся, і на пачастункі паскупіліся. Зараз пойдзем мы казу ратаваць, а потым будем святкаваць!
Гаспадары сыходзяць за кулісы і праз некаторы час вяртаюцца з сумным выглядам.
Баба:  (Крычыць) Ой, ой, ой! Пакуль мы тут з вамі размаўлялі, усе пачастункі мышы расцягалі!
Дзед: Што нам зараз рабіць? Мы самі не зможам нарыхтаваць гэтулькі пачастункаў, каб казу выратаваць, нам патрэбна дапамога!
2 калядоўшчык: Дапамогі ў нас хапае, вы паглядзіце, колькі народу шмат у госці да нас прыйшло!
3 калядоўшчык: Ну, народ, вы жадаеце дапамагчы нашым гаспадарам у падрыхтоўцы пачастункаў для выратавання нашай козачкі?
Усе былі згодны, гаспадар пачаў праводзіць гульнёвую праграму.
Баба:  Ой, усё проса, збожжа і авёс у cклепе мышы раскідалі, сама ніяк не магу сабраць, хто ж мне дапаможа?
4 калядоўшчык: Не сумуй, гаспадыня, гэта мы цяпер у імгненне паправім!
Праводзіцца гульняКурачкі і пеўнічкі»
Гульня «Курачкі і пеўнічкі»
(Дзве пары на працягу адной хвіліны пад музыку збіраюць збожжа, проса, авёс , раскіданыя па сцэне. Перамагаюць тыя, хто больш назбіраў.)
Дзед: Ну, збожжа і проса то мы сабралі, а вось піражкоў не напяклі? Козачка наша яшчэ цалкам не выгаілася!
1 калядоўшчык: Нічога, нашы госцейкі нам дапамогуць напекчы піражкоў!
Праводзіцца гульня Напячы піражкі
 (Дзве каманды у плыні трох хвілін вылепліваюць з цеста, раней падрыхтаванага, піражкі. Хто больш налепіць, тая каманда i перамагла.)
(Пасля кожнай гульні ўсіх удзельнікаў адорваюць прызамі. Уздымаюць казу, паказваюць ёй усе пачастункі)
Баба:  Козачку мы вашу накармілі, козачку мы вашу напаілі, што аж госцікаў нашых замарылі!
Дзед:Не шкада нам ні піражкоў,  ні сала, толькі б ваша козачка ўстала і шчасця нам дадала!
2 калядоўшчык: За тое, што казу вы ўратавалі, гэтым вы сваю віну прыбралі! І за гэта вам каза  шчасце ў хату прынесла!
2 калядоўшчык:
А ну, козачка, закладвай рожкі і падбірай ножкі,
З хаты выходзь і бяду вынось!
3калядоўшчык:
Ты, каза, гаспадыні пакланіся,
А гаспадару да ног нагніся!
І вы ў адказ ёй пакланіцеся,
І пачастункамi падзяліцеся!
4 калядоўшчык:
Дай вам Бог збожжа і жыта, і пшаніца каб у полi расла,
А ў хаце, дабра!
2 калядоўшчык: Матка Божая перад вачамі, Ісус Хрыстос за плячамі.
1 калядоўшчык: А па баках анёлы засцерагаюць,
                             Усю бяду ад вас адганяюць.
                             Вялікага здароўя, ад краю да краю!

Баба   і дзед:
І вам усяго самага лепшага!
Шчасця, здароўя і дабрабыту!
( Раптам чуецца стук у дзверы. Уваходзяць цыган з цыганкамi. Цыган вядзе мядзведзя)
Цыган:     Добры вечар, гаспадару!
Вынесь ты нам каўбас пару.
 Пахадзі каля печкі,
                Пашукай перапечкі.
Дзед: А чым ты нас, цыган, парадуеш?
Цыган:     Я цыган багаты,
У мяне ў адным кармане
Вош на аркане, а ў другім —
               Блыха на ланцугу.
 Таксама ў мяне мядзведзь ёсць. Мой мядзведзь калматы, злавіў яго дзед барадаты, ён мёд хацеў увесь злізаць, ну як яго тут не спаймаць. Зараз ён пацешыць вас, ён паслухмяны ў нас.

 (музыка грае “Цыганачку”, хлопцы і дзяўчаты па чарзе выкрыкваюць)
….. – Пакажы, Міхаська, як дзеці ў школу ідуць!
….. – А як са школы бягуць!
….. – Як хлопцы кантрольную пішуць!
….. – А як дзеўкі перад люстэркам круцяцца!
(Мядзведзь паказвае, потым ідзе да бабкі, “просіць” цукерку.)
Баба:   – Ай ды Міхаська, малайчына! Зарабіў цукерку!
Дзед: Ну, а вы чым нас парадуеце, цыганкi?
Цыганка1:Мы  добра спяваем, танцуем, варожым
Цыганка 2: Мы вам паварожым,
Шчасця-долі наварожым!
Цыганка 1 : Якую саломінку выцягнеш – такая і доля! Толькі дамова: па адной цягнуць!
(у 1ц. ў кулаку заціснутыя кароткія трубачкі ад кактэйля, у 2ц. доўгія. Задаюць па чарзе пытанні i даюць выцягваць трубачку настаўніцы, далей вучням з класа)
– Ці доўгія будуць урокі? (Настаўніца выцягвае)  Кароткія!
– А перапынкі?(…) Доўгія!
– Ці доўгі навучальны год?(…) Кароткі
 – А канікулы? (…)Доўгія!
 – А ці многа двоек атрымаеце ў наступным годзе? (…) Зусім мала!
– А ці многа дзясятак? (…)  Багата!
 – Пазалаціце ручку, каб спраўдзілася!
(атрымліваюць цукеркі – манеткі)

Ну, а зараз станчым !!! (танец цыганак)
Баба: Лявон, чаго стаіш, як укапаны? Частуй гасцей.
Калядоушчыкі: Гаспадыня-матушка, пачастуй гасцей.
З клеці рэшатам, з печы пірагом.
Падай каўбасу – у зубах панясу.
Баба:   Дык за што вас частаваць,
Трэба яшчэ паспяваць.
Зорканоша: Ну-ка, рэзні, гарманіст,
Залатыя пальчыкі,
Каб у скок пусціліся
Дзевачкі  і мальчыкі.
(музычны нумар)
Усе:
Нешта ў горле трындычыць, трындычыць.
Трэба горла прамачыць, прамачыць.
Калядоўшчык:
Дык дайце квасу, няма ад смагі спасу.
Баба: 
Пакаштуйце мой квасок, з мёдам кляновы сок.
(Усіх частуе квасам)
Калядоўшчык:
 О, гэта квас, дык квас, валіць з ног ураз!
Дзед: А ты думаў! Я як глыну квасу, дык воз дроў прынясу.
Баба: Гэй, музыкі, грайце, а вы, Пацешкі, усіх у карагод запрашайце!
(
Танец)
Калядоўшчыкі:Засядзеліся мы ў вас, дарагія гаспадары. Ужо нават і першыя пеўні пачнуць хутка спяваць.
1-ы калядоўшчык:
Гаспадар, будзь здароў,
Як рыжык бароў,
Жыві ў раскошы,
Май торбу грошай.
 2-і калядоўшчык:
Збожжа поўны клеці,
Павагу на свеце,
I ўсяго даволі,
I бяды ніколі.
3-і калядоўшчык:
      А вы здаровы бывайце
      Ды праз год нас чакайце.
      Шчасця ды долі,
      А гора ніколі!
Усе разам: Моцна кахайце, на гэтым бывайце.
Баба:
Шаноўныя панове, шчасця і здароўя!
Вам жыць-пажываць ды дабра нажываць.
Каб былі здаровыя, як дубы скарбовыя.
Дзед:
Каб з дарогі не збіліся,
Каб цэлы век весяліліся,
Каб доўгія гады жылі,
Каб здаровыя былі.


Унучка :
Дзякуй вам, людцы добрыя,
За сустрэчу прыветную!
Каб жылося вам і вялося,
Каб елася і пілося,
Каб пілося і елася
І спяваць хацелася!  

Усе выконваюць песню "Бывайце здаровы"



Літаратура
1. Быль В. Як шляхта каляды спраўляла // ARCHE Пачатак, 2 студз. 2012
2. Э. Дубянецкі «Таямніцы народнай душы»
3.  http://set.ethno.by/?p=2133  Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. ”Цягнуць каляду на дуба
4. Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001.
5. Э. Дубянецкі «Таямніцы народнай душы»
6. М. Ларчанка «Беларуская народна-паэтычная творчасць»;
7. К. Кабашнікаў «Беларускі фальклор»
8.  http://set.ethno.by/?p=2133  Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. ”Цягнуць каляду на дуба




























Комментариев нет:

Отправить комментарий