О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

воскресенье, 4 февраля 2018 г.

Акцыя "Мае землкі" (Галіна Іванаўна Давыдава)

Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Сярэдняя школа №14 г.Полацка”



 




“Матчынай мовы напеў”









                                         Аўтары:
                                   вучаніца 10 класа Чупікава Марына,   
                                              настаўніца беларускай мовы і літаратуры  
                                              Алексіна Г.П.,
                                                настаўніца замежнай мовы Ламінская В.У.     







 

Полацк 2016




 

Полацк 2016
 


Без гэтых песень, 
Шчырых і пявучых,
Без роднай мовы
Я не мог бы жыць.
На ёй шумелі мне
З дзяцінства пушчы,
На ёй вучылі
Родны край любіць.

              П. Прыходзька



Беларуская мова… Наш гонар, наша слава, наша сіла, наша мудрасць, наша вялікасць, наша сутнасць, наша вечнасць і адначасова наш боль, наш клопат, наша занепакоенасць, нашы слёзы, наш крык аб дапамозе.
Шануйце роднае слова!
У кожным куточку Зямлі, дзе б'ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: жыве ў штодзённай гамонцы, жыве ў песнях і казках, жыве ў школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры, нарэшце, проста жыве ў генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў.
І ў кожным куточку Зямлі, дзе б'ецца беларускае сэрца, знаходзяцца людзі, у якіх гэтае сэрца б'ецца мацней за іншых, якім больш балюча за родную мову, якія не хочуць мірыцца з яе занядбаннем і з яе гаротным станам.
Горад Полацк - не выключэнне. Гораду Полацку таксама баліць за родную мову. Магчыма, баліць больш, чым іншым гарадам.
Цяжка сказаць, ці баліць камяніцам, калі на іх вешаюць чужамоўныя шыльды і рэкламныя шчыты. Цяжка сказаць, ці баліць кабінетам, дзе спрэс чуецца толькі чужая для гэтай зямлі гаворка. Цяжка сказаць, ці баліць крамам, у якіх прадаўцы не разумеюць назваў тавараў на беларускай мове. Але паміж камяніц, кабінетаў, крамаў у горадзе жывуць людзі, жывуць беларусы, якім баліць. Адным больш – іншым менш. Адны адчуваюць боль  іншыя не заўважаюць. Ёсць яшчэ людзі, якія пішуць на мове і пра мову, думаюць на ёй. Гэтым баліць больш за іншых. Яны жывуць сярод нас. Адзін з такіх людзей жыве сярод нас. Менавіта такому апантанаму чалавеку, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 14          г. Полацка ”  Галіне Іванаўне Давыдавай мы і хочам прысвяціць гэтыя радкі.   
 

Настаўнік – гэта не толькі той, хто дае нам патрэбныя веды. Настаўнік – гэта чалавек, які дзеліцца сваёй душой, і яе цеплыня ахутвае вучнёўскія сэрцы незвычайнай аўрай, абараняе ад дрэнных учынкаў, дапамагае ў цяжкую хвіліну. Менавіта так мы згадваем жыццё і дзейнасць Галіны Іванаўны. Яна аддала школе ўсё сваё жыццё, здзіўляла жаноцкасцю і выхаванасцю, для некалькіх пакаленняў з’яўлялася прыкладам настаўніцкай працы. Кожны ўрок рыхтавала з такім стараннем і адказнасцю, што ён пралятаў імгненна. Прыносіла дадатковую літаратуру, у якой ужо былі пазначаны патрэбныя старонкі. Дзеля некалькіх радкоў Галіна Іванаўна вечарамі перагортвала стосы патрэбнага матэрыялу, знаходзячы самыя значныя і зразумелыя цытаты і ўрыўкі з тэкстаў.
Нават тыя з вучняў, што адседжвалі іншыя ўрокі, хаваючыся за спінамі аднакласнікаў, на яе гадзінах не заставаліся абыякавымі. Выдатнае пачуццё гумару, знаходлівасць і эрудыраванасць дапамагалі зацікавіць кожнага. На занятках клас часам узрываўся ад рогату, ці заміраў у цішыні, калі настаўніца не толькі на кніжных, але і на жыццёвых прыкладах вучыла дабру і справядлівасці. Чытаючы ўрывак пра цяжкае сіроцтва, гора і страты, яе вочы напаўняліся слязамі, а тэмбр голасу станавіўся дрыготкім і такім пранікнёным, што ўсе вучні заміралі з “мурашкамі” на целе. Такія заданні на наступны дзень кожны ведаў на “выдатна”.
Руская мова (а Галіна Іванаўна напачатку выкладала менавіта рускую мову), звычайна цяжэйшая за родную, амаль усім давалася лёгка. Словы-выключэнні запаміналіся, дзякуючы жартоўным вершам і прыказкам. Галіна Іванаўна магла дараваць невялікія памылкі, але строга карала за несур’ёзныя адносіны да прадмета. Сачыненне на 1-2 старонкі лічылася проста бяздушнай адпіскай. Гэтым яна вучыла вучняў думаць і перажываць за сваіх герояў.
Пасля ўрокаў рускага не чулася брыдкаслоў’я, менш было нахабства і грубасці. Як пашанцавала тым выпускам, дзе Галіна Іванаўна была класным кіраўніком! Нават да класа з адных толькі дзяўчынак яна знайшла правільны падыход – усе выраслі дружныя і адукаваныя. Справядлівай і патрабавальнай была настаўніца і да свайго дзіцяці. Сын навучаўся разам з аднагодкамі без патурання з боку матулі.
Галіна Іванаўна Давыдава нарадзілася  на Полаччыне 10 студзеня 1940 года, але пасля вайны яе бацькі пераехалі ва Усходнюю Беларусьу вёску Параф’янава Докшыцкага раёна. Імкненне перадаць свае веды, падзяліцца імі з іншымі ішло з Галінай Іванаўнай па жыцці з самага ранняга дзяцінства.
-  Настаўнічаць я пачала з малых  гадоў, - успамінае яна. - У мяне было шмат сяброў з розных навакольных вёсак. Я ведала падручнікі на памяць і расказвала ім іх. А больш за ўсе прадметы я любіла матэматыку. Нас у мамы з татам было пяцёра. Я - самая старэйшая.    
 

  
Са слязамі на вачах Галіна Іванаўна ўспамінае той час. Бо вельмі рана пайшла з жыцця маці, пакінуўшы малалетніх дзяцей.Сямнаццацігадовай дзяўчынцы, будучы старэйшай, прыйшлося ўзяць на сябе адказнасць і абавязкі за малодшых.Таму,скончыўшы школу, у 1957 годзе пачала працоўную дзейнасць у якасці старшай піянерважатай у Юркаўскай сямігодцы Докшыцкага раёна.
Галіне Іванаўне падабалася вучыцца самой і навучаць іншых. Таму выбар прафесіі быў невыпадковы. Але выпадковым стала паступленне ў педістытут. Разам з сяброўкай, якая папрасіла яе дапамагчы ў падрыхтоўцы да здачы ўступных іспытаў, яна паехала ў Мінск. Сяброўка падгаварыла яе пайсці разам. І Галіна Іванаўна, не рыхтуючыся, здала на выдатна 3 экзамены.А сяброўка іспыты праваліла. Так і стала яна студэнткай завочнага аддзялення філфака БДУ імя У.І.Леніна.
Сапраўднай удачай у час вучобы стала для яе знаёмства з Міхаілам Іванавічам Жыркевічам - беларускім мовазнаўцам, заслужаным дзеячам навукі БССР, аўтарам шматлікіх падручнікаў па беларускай мове. У той час ён быў дацэнтам,  старшым выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Ён вывучаў самабытную культуру і мову нашага народа, тонка адчуваў яе і перадаваў гэту спадчыну студэнтам. Галіне Іванаўне выпаў лёс  абараняць ў яго дыпломную працу на тэму “Методыка выкладання беларускай мовы і літаратуры”. Замест адведзеных чатырох месяцаў яна выкарыстала толькі паўтара.  Праца так захапіла і ўразіла Міхаіла Іванавіча, што пасля абароны ён плёскаў любімай студэнтцы ў далоні і, канечне, паставіў выдатную адзнаку.
– Магчыма, я не адбылася б як настаўніца, калі б не Міхаіл Іванавіч, -
з захапленнем гаворыць пра свайго выкладчыка Галіна Іванаўна. - Я імкнулася ведаць яго прадмет дасканала. З цікавасцю слухала яго лекцыі і ўсё падрабязна занатоўвала. Пасля абароны дыплому да мяне падыходзілі студэнты з іншых курсаў і здзіўлена пыталі: "Што ты там гаварыла? Жыркевіч казаў, што нам трэба вучыцца адказваць у цябе!"
Пасля заканчэння ў 1965 годзе інстытута сем гадоў Галіна Іванаўна працавала ў Крулеўшчызненскай СШ. У той час павага да настаўніцкай прафесіі была бязмежнай. Мясцовыя модніцы імкнуліся рабіць прычоскі і насіць такія ж святочныя ўборы, як у настаўніц. З настаўніцай раіліся амаль па ўсіх надзённых пытаннях.Не было адбою і ад паклоннікаў. Пашанца- вала тады мясцоваму юнаку Мар’яну, з якім пачалося іх сямейнае жыццё. Да жончынай адданасці сваёй працы Мар’ян Іванавіч адносіўся з разуменнем, хоць часам і хацеў крышачку больш увагі да сябе. А Галіна Іванаўна была па-сапраўднаму шчаслівая, займаючыся любімай справай. Летнія месяцы цягну ліся недаравальна доўга, а першага верасня ажывала не толькі школа, але і яе душа.
 
Інтэлегентнасць, тактоўнасць і акуратнасць былі асновай яе выгляду і характару. Усе асабістыя праблемы, якімі б балючымі яны не з’яўляліся, пакідала за парогам школы, і перад вучнямі была сабранай і ўраўнаважанай.
У канцы 60-х гадоў сям’я пераязджае ў Полацк. Атрымалі невялікую кватэру, абзавяліся няхітрай хатняй гаспадаркай, нарадзілі сына Ігара. Пайсці працаваць у школу адразу не пашанцавала. Таму Галіна Іванаўна працуе выхавацельніцай у дзіцячым садку №16 г. Полацка. Толькі праз некаторы час яна трапіла  ў СШ №12 г. Полацка, а пазней, у 1974 годзе, пасля адкрыцця СШ №14 вырашыла пайсці працаваць сюды.   
       Вучні называлі яе строгай, прынцыповай. Не ўсім, шчыра кажучы, падабалася такая патрабавальнасць. Дырэктар школы цікавіўся ў Галіны Іванаўны: "А чаму вы пакінулі таго ці іншага вучня пасля ўрокаў?" "А каб не ставіць двойку. Няхай вывучыць тое, што не зрабіў дома", - такі быў апробаваны метад у настаўніцы.       

На працягу ўсёй сваёй педагагічнай працы выкладала рускую мову. І вось, ужо незадоўга да выхаду на пенсію, у яе ажыла трывога за родную, за матчыну мову. Праз нейкі час пачала  выкладаць беларускую мову.               Не, яна не перастала  любіць свой ранейшы прадмет.      Хіба можна не любіць мову братняга рускага народа, мову Пушкіна, Талстога?

Яна стала не проста выкладчыцай беларускай мовы , але і раўнівай яе прапагандысткай. Пры яе самым чынным удзеле ў СШ №14 сталі праводзіць тыдзень, прысвечаны роднай спадчыне, яго так і назвалі ”Спадчына”. Дзень за днём усе, і настаўнікі, і вучні, стараліся гаварыць па-беларуску. Класы рыхтавалі свае канцэртныя нумары з беларускіх песень, музычных твораў. Былі спаборніцтвы на лепшае прыгатаванне нацыянальных страў, на лепшае веданне сваёй гісторыі. Гэта стала добрай школьнай традыцыяй.




 
Этнафальклор адыгрываў і адыгрывае значную ролю ў жыцці нашага народа, з’яўляецца велізарнай скарбніцай духоўных каштоўнасцей, аднаўляе сувязь часоў, замацоўвае традыцыі, выхоўвае лепшыя якасці чалавека: любоў да сваёй радзімы, імкненне да свабоды, павагу да людзей, працавітасць, сумленнасць, справядлівасць, фарміруе пачуццё прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва. З каштоўнай этнафальклорнай спадчынай сваёй Бацькаўшчыны павінен азнаёміцца кожны культурны чалавек, асабліва гэта датычыцца моладзі і юнацтва, бо веданне сваіх вытокаў, каранёў будзе садзейнічаць фарміраванню пачуцця павагі да свайго народа, краіны, дзяржавы, нацыянальнай годнасці, нацыянальнай свядомасці, што з’яўляецца неад’емнай часткай ідэалагічнага выхавання. І значная роля ў дадзеным накірунку належыць школьным этнаграфічным музеям.

Так Галіна Іванаўна задалася ідэяй стварыць у школе            этнаграфічны музей. Знайшла           сабе аднадумцаў, ініцыятыўных памочнікаў з ліку настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў. Ініцыятыву падтрымала і настаўніца хіміі Соф’я Пятроўна Капуста, якая стала для Галіны Іванаўны правай рукой. Так агульнымі намаганнямі ў 1990 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё этнаграфічнага музея “Спадчына”.
Першапачатковая  мэта музея  -  вывучэнне  гісторыі  роднага  краю, яго  культуры, побыту, мовы. Усе  экспанаты  музея  былі  сабраны  ўласнымі сіламі  вучняў  школы  падчас  шматлікіх  этнаграфічных экспедыцый  у  Докшыцкі, Глыбоцкі, Полацкі, Верхнядзвінскі, Міёрскі  раёны. І зараз з усмешкай Галіна Іванаўна ўспамінае, як хлопцы прынеслі аднекуль ступу, а хтосьці драўляны калаўрот. Усё было, як учора.
У  музеі былі прадстаўлены самыя  разнастайныя накірункі этнаграфіі  беларускага  народа: беларускі  народны касцюм, прадметы хатняга  ўжытку, сельскагаспадарчыя прылады  працы (сярпы, цапы, рагулі),  дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вышыўка, вязанне, ткацтва, пляценне  з саломы і лубу, ганчарства). Гэта даверана Галіне Іванаўне старымі бабулькамі – майстрыцамі, або іх спадчынніцамі ў вёсках. Маўляў: няхай пабудуць у музеі. Пакуль ім загадвае Галіна Іванаўна, з імі нічога не станецца, а людзі няхай паглядзяць, як умелі ткаць у нашых вёсках. З цягам часу музей папоўніла невялікая нумізматычная калекцыя. Вялікая колькасць  твораў дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва дапамагае акунуцца ў сівую  даўніну, ярка ўявіць традыцыі і побыт продкаў.


 У музеі былі свае экскурсаводы. За гады іх змянілася нямала. Звычайна з ліку старшакласнікаў знаходзіліся энтузіясты, заўзятыя прапагандысты спадчыны. Сёння з вялікай падзякай Галіна Іванаўна ўспамінае сваіх памочніц : Вольгу Кухарэнка, Аксану Генджаеву, Вольгу Мошкіну, Юлю Обадаву, Наталлю Смаргунову, Ларысу Бурэнь.
 

Сваім глыбокім веданнем прадмета, эмацыянальнасцю Галіна Іванаўна ўмела зацікавіць вучняў не аднаго пакалення.  
У яе вучняў было шмат яркіх перамог. Гэта і перамога ў гарадскім конкурсе “Этнаграфія Віцебшчыны”, перамога ў абласной алімпіядзе па беларускай мове Вольгі Каленік і шмат іншых, якія Галіна Іванаўна ўспамінае з захапленнем і радасцю. А як можа быць іначай ? Гэта ж вынік шматгадовай працы!
       - Нашы людзі, - гаворыць Галіна Іванаўна,- на жаль, вельмі слаба ведаюць свае родныя мясціны. Да такой сумнай высновы я прыйшла не сёння. А вакол столькі цікавага! Зацікавіцца па-сапраўднаму і па-сапраўднаму палюбіць нашу спадчыну можна толькі дакрануўшыся да яе вытокаў. Вось і сабрала я свой клас і павезла ў Празарокі – не праблема туды дабрацца. А там жа жыў і працаваў Ігнат Буйніцкі, там пачынаўся наш нацыянальны тэатр. Там у мясцовай школе знаходзіцца цікавы музей Буйніцкага…Гэта толькі адзін эпізод. А колькі іх было!


Усё распачатае Галінай Іванаўнай не засталося незаўважаным. Шмат разоў яна атрымоўвала граматы і дыпломы за ўдзел і перамогу у шматлікіх конкурсах. Але самым  цэнным для настаўніцы стала пасведчанне спецыяльнага фонда прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прысваенні 3 прэміі за асабіты ўклад ў развіццё здольнасцей  адараванай моладзі, якое яна атрымала 9 снежня 1998 года.
 Ні адна грамата, ні адзін дыплом не мог замяніць ёй шчырых, удзячных слоў ад яе вучняў. У яе імя яны складалі нават вершы.


Нам удалося сустрэцца з былымі вучнямі Галіны Іванаўны. Вось, што яны нам расказалі.
Успамін  вучаніцы, цяпер настаўніцы гісторыі ДУА “Сярэдняя школа №14 г. Полацка” Баранавай Людмілы Мікалаеўны (выпуск 1993 года):
-“Добры дзень! Сядайце на месца…” - кожны ўрок казала яна - настаўніца Галіна Іванаўна Давыдава. Калі ўрокі вяла Галіна Іванаўна, у класе панавала асабістая атмасфера: цішыня. Уся ўвага - на настаўніцу. Яна так падносіла кожную тэму, што нават хлапчукі-хуліганы ўважліва слухалі і запісвалі ўсё ў сшыткі. Урокі Галіны Іванаўны памятаю, як быццам яны былі ўчора. Я палюбіла гэтую настаўніцу. Можа таму, што яна да кожнага ведала падыход. І  так падавала матэрыял, каб мы разумелі. Мне так падабалася займацца з ёй асобна на факультатывах, калі ўсе свае веды яна аддавала адной мне. Можа і зацікавілася я прафесіяй настаўніцы таму, што Галіна Іванаўна была зацікаўлена ў свой прадмет і здолела зацікавіць мяне. Вялікі дзякуй ёй за гэта.
          Крукава Таццяна Мікалаеўна (выпускніца1994 года):
 - Гэтую творчую жанчыну ведае ўсё наваколле. Ёю можна толькі захапляцца. Я першы раз у жыцці сустрэлася з такім творчым, лагодным, добразычлівым чалавекам. Кожны раз з нецярпеннем чакала ўрокі Галіны Іванаўны. На беларускай літаратуры проста займала дух, таму што настаўніца так эмацыйна і выразна чытала, быццам пагружала ў твор. І яе ўрокі праляталі незаўважна, хацелася працягу на перапынку. Факультатыва і ўрокаў мне не хапала. Хацелася займацца з гэтым добрым, шчырым, чулым чалавекам заўсёды, калі быў час.


У 2005 годзе Галіна Іванаўна пайшла на заслужаны адпачынак.Зараз увесь свой вольны час аддае выхаванню ўнукаў і праўнучкі.
У гутарцы Галіна Іванаўна прызнаецца, што і зараз ёй не хапае вясёлага дзіцячага тлуму і пераліваў школьнага званка – усяго таго, чым даражыла яна ў сваім жыцці…
-         Прыемна, што і цяпер сустракаемся з былымі калегамі як сёстры, нам ёсць што ўспомніць, аб чым пагаварыць.

Прайшло шмат год, але і цяпер выпускнікі, бацькі і настаўнікі памятаюць гэтую незвычайную жанчыну, жывуць і выхоўваюць сваіх дзяцей па тых маральных прынцыпах, якім некалі вучыла іх Галіна Іванаўна, не шкадуючы свайго часу і сіл. Найчасцей юнакі і зараз пры сустрэчы з Галінай Іванаўнай згадваюць жыццёвыя ўрокі настаўніцы– гэта дапамагае ім пераадолець цяжкасці, вучыць станаўленню і мужнасці. Многія з яе вучняў узняліся на прафесійныя вышыні, дзякуючы старанням таленавітага педагога.
 -  Памятаю здольную сваю вучаніцу Вольгу Каленік, якая перамагла ў абласной алімпіядзе па беларускай мове. Друкавалася на старонках мясцовай газеты. Там жа можна было ўбачыць і яе малюнкі. Увогуле ў многіх школах горада і не толькі,  сёння працуюць мае выхаванцы, якія звязалі лёс з роднай мовай. Гэта мой працяг, - шчыра радуецца за іх настаўніца.

   А пропуск у нашу школу для Галіны Іванаўны не мае тэрміну даўнасці і ўвогуле сэнсу. Мы заўсёды рады сустрэчы з ёю. Яна часты госць на нашых лінейках, вечарах сустрэч і розных ўрачыстасцях.  


 Для  нас аповед пра Галіну Іванаўну стаў своеасаблівым экзаменам на ўменне пісаць сачыненні. Праўда, як бы мы ні стараліся, не зможам выказаць на паперы ўсю любоў і павагу, якая жыве ў нашым  сэрцы да гэтай Жанчыны. Для гэтага проста не хопіць слоў і старонак.

       - Вельмі многа залежыць ад настаўніка беларускай мовы, - пераканана гаворыць Галіна Іванаўна. – Не трэба ніякіх штучных мер і загадаў. Трэба проста вельмі любіць і шанаваць родную матчыну мову і нашу спадчыну. І любоў гэтая дасць свае парасткі і абавязкова прынясе плён.
Што можна запярэчыць на гэта?.....



Комментариев нет:

Отправить комментарий