О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

среда, 23 января 2019 г.

«Прыназоўнік як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля» 7 клас


Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа №14 г.Полацка»




Урок у 7 класе
Тэма «Прыназоўнік як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля»


 Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
З. І. Рымкевіч


Полацк 2019



Урок у 7 класе
Тэма “Прыназоўнік як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля”
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Сярэдняя школа №14 г.Полацка”
З. І. Рымкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Мэта:
вучні ведаюць марфалагічныя асаблівасці прыназоўніка;
знаходзяць прыназоўнікі ў сказе;
вызначаюць сінтаксічную ролю прыназоўнікаў;
выпісваюць і робяць сінтаксічны разбор словазлучэнняў з прыназоўнікамі;
фарміруецца ўяўленне аб прыгажосці роднага краю.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу
Эпіграф:
He шукайце красы … морамі,
Узбярэжжаў … крыштальнымі зорамі,
Прыязджайце … нас … Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.
Г. Бураўкін


Ход урока
1.       Арганізацыйна-матывацыйны этап
He шукайце красы за морамі,
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.
Тут азёры, як неба, сінія,
У чаротах чароды гусіныя,
А на дне Млечным Шляхам свецяцца
Трапяткія гурты язіныя.
Навальніцы грымяць над кручамі,
З гор бягуць ручаі грымучыя,
Тут ля Дрысы сасонкі звонкія,
Над Дзвіною бары пявучыя.
Тут вясёлкай сонца акружана,
Усміхаецца з кожнай лужыны.
Тут дзяўчаты ўсе — чарнабровыя,
На палях ільны двухметровыя...
Тут пад кожным курганам і каменем                                                                                          Ці быліна, ці казка чароўная…
(Генадзь Бураўкін)
Часта людзі не заўважаюць прыгажосці роднага краю, едуць за мяжу ў пошуках заморскай прыгажосці, а яна ёсць і побач, у нас, на нашай роднай зямлі. Сёння мы з вамі паходзім па родных прасторах, паглядзім на іх прыгажосць.  
 
2.      Вызначэнне мэты
-          Прачытайце эпіграф і вызначце тэму сённяшняга ўрока. (Якія словы прапушчаны ў вершы? Ці зразумелы верш без гэтых слоў?)
           (на дошцы верш з прапушчанымі прыназоўнікамі)
-           Сапраўды, тэма нашага сённяшняга ўрока “Прыназоўнік як службовая часціна мовы”. Запішыце дату і тэму ў сшыткі.
3.Актуалізацыя апорных ведаў
Але перш, чым пачнём новую тэму, праверым д/з. 1 вучань за дошкай выпісвае службовыя часціны мовы з дамашняга практыкавання (243).
Прыназоўнікі      Злучнікі             Часціцы
Пад                           і                             амаль
Па                             што                       гэта
На                             але і
У
Пра
Да
Сярод
Ад
Усе астатнія працуюць з табліцай
Устаўце прапушчаныя словы

Адрозненне
Самастойныя часціны мовы
Службовыя часціны мовы
  1. Маюць ……… значэнне і абазначаюць прадмет, …..,….., ……, колькасць.
1.Нічога не абазначаюць і не маюць ярка выражанага …… ……..
  1. Змяняюцца.
2. ………..
  1. З’яўляюцца ……. …….
3.Не з’яўляюцца …….. …….
  1. Могуць ужывацца ……….. ў мове.
4.Ужываюцца толькі разам з ………. ……….


4.Праверка дадатковага дамашняга задання: 2 вучні расказваюць пра знакамітых землякоў (Францыска Скарыну і Ефрасінню Полацкую)

-Сёння кожны палачанін ганарыцца духоўнай спадчынай нашых продкаў. Пра  ўраджэнцаў Полацка, якія ўнеслі ўклад у  сусветную культуру, мне хочацца яшчэ раз вам напомніць.
1. Ефрасіння Полацкая – гэта беларуская асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку. Першая жанчына на Русі, кананізаваная праваслаўнай царквой. Імя Ефрасіння Полацкай займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі. Яна заснавала жаночы манастыр, які стаў астветніцкім цэнтрам не толькі на беларускіх землях. Кнігі, што перапісваліся ў гэтым манастыры, былі вядомыя і ў Ноўгарадзе, і ў Кіеве. Па загадзе Ефрасінні была пабудавана Спаса-Ефрасіннеўская царква, што ўпрыгожыла Полацк, а таксама некалькі храмаў. Яе дзейнасць пакінула след не только ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа, народа, адвеку звязаннага з кнігай, народа, што з тых далёкіх часоў пракладваў ва ўсходнеславянскіх землях шляхі асветніцтва і адукацыі.
У Полацку жыў і славуты майстар-ювелір Лазар Богша, які  па загадзе Ефрасінні зрабіў знакаміты шасціканцовы крыж.

2.     З дзяцінства ведаем імя
Францыска мы Скарыны
Выдатнага пісьменніка і друкара,
Вучонага, асветніка Радзімы.
Вялікі дзеяч, гуманіст
Усёй душой імкнуўся да народа,
Гатовы быў ахвяраваць сабой
Дзеля яго шчасця і свабоды.
З маленства ведаем, што ён
Адданым быў сваёй Радзіме.
Не хвалявалі яго ні багацці,
Ні пасады на чужыне.

Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую пакінулі сваім нашчадкам. Наш славуты зямляк Францыск Скарына – найярчэйшы прыклад таму.
Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу. Гэты час называюць Адраджэннем, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры. Першадрукар хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць і навуку.
5. Арфаграфічная хвілінка
На месцы пропускаў устаўце літару або літары.
Сафій..кі сабор, Спаса-Ефрасіннеў…кі манастыр,Скарынаў…кія дні, турыс…кі паход, лю…скія галасы, Брэс…кая крэпасць, дзвін…кія хвалі, латы…скія сябры, Белаве…ская пушча, Спаса-Праабражэн…кая царква.                                                                                                     -   Якое правіла мы паўтарылі? Правапіс суфікса –ск-, правапіс вялікай літары.
6.      Знаёмства з новай тэмай
Сёння на ўроку мы больш падрабязна пазнаёмімся з такой службой часцінай мовы як прыназоўнік.
-          Прапаную вам паставіць мэты да ўрока. Чаму павінны навучыцца? Што павінны ўмець у канцы ўрока?
Пастаноўка мэтаў вучнямі
Даведацца (што такое прыназоўнік)
Навучыцца (знаходзіць прыназоўнікі ў тэкстах)
Вызначаць (сінтаксічную ролю прыназоўнікаў у сказах)
            Ствараць (сказы і тэксты з прыназоўнікамі)
Самастойная праца з падручнікам (прэзентацыя)
Чытаюць правіла на с.157
Франтальная праверка першаснага ўспрымання
- Што такое прыназоўнік?
- Якія марфалагічныя прыкметы мае прыназоўнік?
- Што даведваемся пра сінтаксічную ролю прыназоўніка?
- Разам з якой часцінай мовы ўжываецца прыназоўнік?
7. Праца з тэкстам.
- Прачытайце тэкст. Вызначце, да якога стылю ён належыць. Выпішыце з тэксту словазлучэнні з прыназоўнікамі, зрабіце іх разбор. 
Самы вечны і старажытны горад маёй Радзімы
Адзін раз мне пашчасціла быць у Полацку. Тая экскурсія пакінула такі глыбокі след у маёй душы, што я і сёння з лёгкасцю і задавальненнем успамінаю ўсе падрабязнасці і ўражанні  ад наведвання гэтага цудоўнага старажытнага горада, бацькі гарадоў беларускіх, як з гонарам называюць яго ўсе беларусы.
           І першае незабыўнае ўражанне ад паездкі – гордасць і гонар ... Я праходжу па тых брукаваных вулачках, ступаю па тых камянях, дзе некалькі стагоддзяў назад ступала нага Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага. Другое, не менш глыбокае ўражанне, якое засталося пасля наведвання храмаў, музеяў горада,  –  адчуванне  глыбокай даўніны, якое ахоплівала ўсю маю істоту, пранікала ў душу, у свядомасць. І здаецца, з фрэскі Спасаўскай царквы на цябе пранікнёна глядзяць вочы нябеснай заступніцы горада – Ефрасінні Полацкай. Праходзіш па залах музеяў і ўсёй істотай адчуваеш, як побач шалясціць сукенкай яе вялікасць Гісторыя.
         А яшчэ зрабіла вялікае ўражанне тое, з якой любоўю і  замілаваннем нам расказвалі пра горад: яго мінулае і сучаснае. Здаецца, слухала б і слухала б , як самую цікавую казку...

                                                 
8. Марфалагічны трэнажор
Гульня  “4 лішні”
Умовы гульні:
3 рады – 3 каманды. Кожнай камандзе прапаную 4 радкі запісаных слоў. З кожнага радка трэба выкрэсліць адно лішняе слова. Вучні абмяркоўваюць варыянты, збіраючыся разам, садзяцца на свае месцы. Па камандзе настаўніка пачынаюць
выкрэсліваць. Перамагае каманда, якая хутчэй справіцца з заданнем без памылак.
у , пад, месяц, аб
падыход, па,  за, да
для, без, каля, чацвёра
на, гара, стол, прыгожы
пакой, аловак, чысты, праз
сем, адзінаццаць, над, кветка
працаваць, усякі, без, два
з’ехаць, трое, вы, пад
прыгажосць, душа, у, чалавек
дабрыня, за, пры, каля
аб, абдымкі, з, пра
кожны, па, на, аб
Падвядзенне вынікаў гульні (абмеркаванне)
-Якую заканамернасць вы заўважылі ў знаходжанні 4 лішняга? (прыназоўнік сярод іншых
часцін мовы)
9. Фізкультхвілінка. Псіхалагічны трэнінг.

- Заплюшчыце вочкі і ўявіце, што вы ў космасе. Рукі, ногі, усё цела быццам не слухаюцца, адчуванне бездапаможнасці ў гэтым палоне бязважкасці. Паводзім сябе спакойна, адштурхоўваемся ад крэсла касмічнага карабля толькі злёгку. Праз ілюмінатар мы бачым зоркі. А вось наша планета Зямля. Бачыце? Але ў ілюмінатары касмічнага карабля яе тысячакіламетровыя мацерыкі праплываюць хутка. Толькі што мы знаходзіліся над Афрыкай, а цяпер знізу ўжо прасторы Еўразіі, дзе і наша прыгожая Беларусь. Мы бачым яе палі, лясы, рэкі. Вось мы і дома, з чым я вас віншую. Расплюшчваем вочкі.
Уявіце, што вашы рукі – птушка, пальчыкі – крылы. Пакажыце з дапамогай пальчыкаў, як птушка ляціць з чужых краёў на Радзіму. А цяпер працуем далей.
10. Прагляд фільма “Сімвалы Беларусі”
Заданне. Скласці сказы на тэму “Сімвалы Беларусі”, выкарыстоўваючы прыназоўнікі.

11. Самастойная работа ў парах.
- Запішыце тэкст, устаўце неабходныя прыназоўнікі. Вызначце, у састаў якіх членаў сказа ўваходзяць прыназоўнікі.  Дакажыце, што прыназоўнікі выражаюць адносіны паміж словамі ў словазлучэннях.
Край … калыскі любімы:
… сцежкі чабор,
Жар асенняй рабіны
… блакіце азёр.
Бор палае … ветры
… сузор’і зарніц.
Як жа край гэты светлы
Нам … табой не любіць?
Паводле У. Карызны
Каля кожнага спалучэння слоў пастаўце адпаведную лічбу:
1 - прыназоўнік з назоўнікам; 0 -іншыя часціны мовы
Пасля ўрокаў            З верху гары
Наперакор жаданню   Разам з сябрам
Наперадзе строю       На працягу месяца
Гаварыў наперакор   У выніку траўмы
Дзякуючы шэфам      Абапал дарогі 
Злучыце лічбы 1. Якое чысло атрымалася? Спадзяюся, усе вы сёння папрацуеце на гэтую адзнаку.
Такім чынам выканайце заданне на сваіх картках.
Картка “Ружовая”
Пасля заняткаў

Паблізу горада
Раскажу пасля
Нягледзячы на стомленасць
Гаварыў наперакор
Разам з сябрам
Стаяла наперадзе
Адыходзіў дзякуючы
Наперадзе калоны
Дзякуючы выпадку
Картка “Зялёная”
Абапал балота

Замест адказу
Відаць вакол
Пілаваў уздоўж
Апроч дзяцей
Не гледзячы па баках
Насустрач нам
Напішу пасля
Падчас экзаменаў
Бывае збоку
Картка “Блакітная”
Абапал дарогі

Наконт выступлення
З прычыны хваробы
Паблізу спяваюць
Побач з дарогай
У час працы
Адказваў не гледзячы
Падчас экзаменаў
Нягледзячы на дождж
З верху гары
Картка “Жоўтая”
Стаялі навокал

Паспець дзякуючы дапамозе
Раскажу пасля
Ішоў услед
Бегчы ўслед за братам
Паводле чужых слоў
Зайсці пасля настаўніка
Ехаць на чале атрада
Стаяць пасярэдзіне хаты
Ішоў насустрач сыну

Заданне ў парах. Устаўце ў тэкст патрэбныя прыназоўнікі (адна пара выконвае заданне на дошцы).
Пачарнеў … полі снег, а … узгорках паказаліся чорныя лапінкі. … вуліцах … дарог пацяклі ручаі. Сонца ўсё часцей пазірае … шэрых хмар. Яно вышэй ходзіць … небе. … сонейкам прыходзіць цяпло. … гор снег злазіць … лагчыны, … балоты, … лес. А … палісадніках … снегу ўжо вылазяць першыя пралескі.
Даведка: на, у, з-за, уздоўж, па, з, разам з, з-пад.
·        Назавіце простыя прыназоўнікі.
·        Назавіце складаныя прыназоўнікі.
·        Назавіце састаўныя прыназоўнікі.

12.    Ужыванне прыназоўнікаў у рускай і беларускай мовах.
-          Разгледзьце табліцу “Ужыванне прыназоўнікаў”
Руская мова
Беларуская мова
Похожий
На
Падобны
Да
Ухаживать
За
Заляцацца
Да
смеяться, шутить
издеваться, злорадствовать
над
смяяцца, жартаваць
здзеквацца, кпіць
З
радоваться, удивляться
кому/
чему?
цешыцца, дзівіцца
З
Жениться
на
Ажаніцца
З
Обратиться
по
Звярнуцца
На
Болеть
чем?
Хварэць
На
говорить, знать
беспокоиться
о, об
гаварыць, ведаць
дбаць
Пра
идти, бежать, послать
За
ісці, бегчы, паслаць
па
-          У якіх словазлучэннях прыназоўнікі ўжыты правільна?
  • не трэба здзеквацца над чалавекам; (з)
  • метрах у дваццаці ад дарогі;(за)
  • хварэць на ангіну; (+)
  • схадзіць  за лекамі;(па)
  • пайсці ў грыбы;(+,па)
  • смяяцца над ім;(з)
  • ажаніцца са Светай(+)


13.Замацаванне.
Перакладзіце на беларускую мову:
1 варыянт
Болеть гриппом, пойти за земляникой, беспокоиться о детях, обратиться по адресу, похожий на отца, договориться о встрече, послать за дежурным, жениться на подруге, тополь выше берёзы.
2 варыянт
Знать об этом, пойти за дровами,  удивляться результатам, ухаживать за девушкой, беспокоиться о товарище, похожая на сестру, в трёх метрах от берега, шутить над собой, бежать за лекарствами.
-          Узаемаправерка (адказы)
1 варыянт
Хварэць на грып, пайсці па (ў) суніцы, клапаціцца (дбаць) пра дзяцей, звярнуцца на адрас, падобны да бацькі, дамовіцца пра сустрэчу, паслаць па дзяжурнага, ажаніцца з сяброўкай, таполя вышэйшая за бярозу.
2 варыянт
Ведаць пра гэта, пайсці па дровы, здзіўляцца (дзівіцца) з вынікаў, заляцацца да дзяўчыны, дбаць пра таварыша, падобная да сястры, за тры метры ад берага, жартаваць з сябе, бегчы па лекі.

14. Падвядзенне вынікаў урока

Рубрыка “Адкрыты мікрафон”
- Звернемся яшчэ раз да мэтаў урока. Якіх мы ўжо паспелі дасягнуць?
-          Выберыце правільны адказ:
Прыназоўнік – гэта службовая часціна мовы, якая служыць:
-          для сувязі частак складанага сказа;
-          для сувязі слоў у словазлучэннях;
-          для выражэння адносін гаворачага да пэўных падзей.
-          Прадоўжыце выразы:
-          а) у словазлучэнні прыназоўнікі звязаны з…
-          б) паводле паходжання прыназоўнікі бываюць…
-          в) па будове прыназоўнікі дзеляцца на …
-          г) прыназоўнікі з назоўнікамі (займеннікамі, лічэбнікамі) заўсёды пішуцца …
-          д) складаныя прыназоўнікі пішуцца…
-          е) састаўныя прыназоўнікі пішуцца…
-          Зварот да мэтаў, пастаўленых у пачатку ўрока (прыём “так – не”). Хто згодны са сцвярджэннем, падымае руку.
- Я дакладна ведаю, якое значэнне мае прыназоўнік.
- Прыназоўнік –гэта службовая часціна мовы.
- Прыназоўнік у словазлучэнні заўсёды стаіць перад назоўнікам.
- Прыназоўнік ужываецца толькі з назоўнікам, займеннікам, лічэбнікам.
- У сказе прыназоўнік можа выконваць функцыю любога члена сказа.
- Я з лёгкасцю знайду прыназоўнік у тэксце.
- Я магу выпісаць з тэксту словазлучэнне з прыназоўнікам.
- Прыназоўнік у тэксце выконвае самастойна пэўную сістаксічную ролю.
- Для мяне сённяшняя тэма не цяжкая, і я з лёгкасцю выканаю дамашняе заданне.
13. Дамашняе заданне
Параграф 33, практыкаванне 245
НаШтоБуЗУ
1. Выпішу правільна 5 словазлучэнняў з прыназоўнікамі. Дакажу, што гэта словазлучэнне.
2. Зраблю іх сінтаксічны разбор.
3. Выпішу і зраблю сінтаксічны разбор сказа (вусны і пісьмовы), у якім выкарыстоўваецца прыназоўнік. Звярну ўвагу, у састаў якога члена сказа ўваходзіць прыназоўнік.

14. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

“Родны кут” – гэта нешта запаветнае, дарагое і блізкае для кожнага чалавека.
Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, гэта бясконцыя жылы рэк і люстэркі азёр, а таксама любоў да маці, павага да мовы, захаванне традыцый, гэта маральны і духоўны скарб народа, які ні ў якім разе нельга страціць.
Мы можам знаходзіцца ў любым горадзе свету, але ў нашым сэрцы заўсёды будзе жыць родны Полацк – наш РОДНЫ КУТ.

…. І куды б вы, сцяжынкі, мяне ні вялі,

Па якіх бы лясах ні блукала я зранку,

Але ўкленчу на роднай бацькоўскай зямлі:

Ты калыска мая, ты мая калыханка.

Мне вельмі спадабалася сёння з вамі працаваць. Вы аказаліся добрымі спадарожнікамі. І я хацела б яшчэ не раз адправіцца з вамі ў падарожжа па нашай цудоўнай краіне. Дзякуй за працу! Поспехаў вам!






Прыназоўнік як службовая часціна мовы
П р ы н а з о ў н і к – службовая часціна мовы, якая ўдакладняе значэнне ўскосных склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (займеннікам, лічэбнікам) і іншымі словамі ў словазлучэнні і сказе.
Прыназоўнік ужываецца ў спалучэнні з назоўнікам і стаіць перад ім (пры назоўніку), адсюль і назва гэтай часціны мовы. Без самастойных часцін мовы прыназоўнік не ўжываецца і асобна не з’яўляецца членам сказа.
Значэнне і граматычныя функцыі прыназоўнікаў
 Значэнне кожнага прыназоўніка выяўляецца толькі ў спалучэнні з самастойным словам. Прыназоўнікі разам з самастойнымі часцінамі мовы выражаюць розныя адносіны. Сярод гэтых адносін найбольш пашыраныя:
- прасторавыя: Цвітуць сады на Случчыне маѐй, мядовы пах над цэлым краем вее
- часавыя: Кіпіць работа дружная ад рання і да ночы (Куп.);
- аб’ектныя: Без дум не абысціся людзям, без працы ўпартай і цяжкай! (Бр.);
- прычынныя: Сонца глянула ўніз – заяснела ад радасці той, што сустрэла людзей гэтак рана ў полі (Бач.);
- мэтавыя: Буду верыць – для шчасця жыве чалавек (Грах.);
- спосабу дзеяння: Трэба толькі гаварыць ад сэрца (К.Ч.).
Разрады прыназоўнікаў паводле паходжання
 Паводле паходжання прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя і вытворныя.
Да н е в ы т в о р н ы х адносяцца прыназоўнікі, якія ўзніклі ў старажытную пару, у сучаснай беларускай мове яны не суадносяцца з самастойнымі часцінамі мовы і іх паходжанне цяжка або немагчыма растлумачыць: а, аб, без, да, за, на, над, па, пад і інш. В ы т в о р н ы м і называюцца прыназоўнікі, якія ўтварыліся ў больш позні час і сваім паходжаннем суадносяцца з прыслоўямі, назоўнікамі, дзеясловамі.
 Прыназоўнікі па будове(структуры) могуць быць:
- простыя, якія складаюцца з аднаго слова: ад, да, на, сярод;
 -складаныя, утвораныя злучэннем двух невытворных прыназоўніткаў: з-за, з-пад, па-за, па-над;
- састаўныя, якія складаюцца з двух ці некалькіх слоў: згодна з, нягледзячы на, на працягу і інш.
Ужыванне прыназоўнікаў з рознымі склонавымі формамі
Удакладняючы значэнне ўскосных склонаў, прыназоўнікі могуць ужывацца з формамі аднаго або некалькіх склонаў.
З адным склонам ужываюцца прыназоўнікі:
ад, да, для, дзеля, без, з-за, з-пад, каля, сярод, апрача, акрамя, замест і інш. – з родным; к, насуперак, адпаведна з, дзякуючы – з давальным;
 пра, праз, скрозь, цераз, паўз – з вінавальным;
над, перад, па-за, па-над – з творным;
з, пры – з месным.
З двума склонамі ўжываюцца прыназоўнікі:
за, пад – з вінавальным і творным (за хату, за хатай);
аб, на – з вінавальным і месным (на стале, на стол);
паміж(між) – з родным і творным (між дрэў, паміж возерам і лесам).
З трыма склонамі:
 з (са) – з родным, вінавальным і творным (з раніцы, з месяц, з сястрой);
у (ва) – з родным, вінавальным і месным (па кілаграму, па доктара, па дарозе).
Правапіс прыназоўнікаў
1. Складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад, па-за, па-над пішуцца праз злучок: з-за возера, з-пад Мінска, па-за школаю, па-над ракой.
2. Прыназоўнікі аб, перад, над, пад перад займеннікам мне – мною пішуцца з дадатковым а: аба мне, перада мною.
3. Перад словамі, якія пачынаюцца спалучэннем зычных, першы з якіх з, с, ш, ж, м замест прыназоўніка з вымаўляецца і пішацца прыназоўнік са: са школы, са жменю, са мною.
4. Замест прыназоўніка у выкарыстоўваецца прыназоўнік ва перад словамі, якія пачынаюцца з у: ва ўніверсітэце, ва ўсіх.
5. Састаўныя прыназоўнікі пішуцца ў два-тры словы: на працягу дня, у адпаведнасці з законам, з загадчыкам дзіцячага садка.

Комментариев нет:

Отправить комментарий