О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

среда, 7 февраля 2018 г.

Жыццёвы і творчы шлях Івана Мележа. Гісторыя напісання рамана “Людзі на балоце” 10 клас


План-канспект урока беларускай літаратуры ў 10 класе
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА“Сярэдняя школа №14 г. Полацка” Алексіна Г.П..

Тэма: Жыццёвы і творчы  шлях Івана  Мележа. Гісторыя напісання рамана “Людзі на балоце”
Мэты: вучыць вучняў усведамляць ролю і значэнне мясцін Беларусі ў жыцці і творчасці пісьменніка, засяродзіць увагу на ідэйным змесце і адметнасці рамана  Івана Мележа “Людзі на балоце”; развіваць у вучняў уменне слухаць і ўспрымаць паведамленні настаўніка і аднакласнікаў, а таксама рыхтаваць паведамленне; выхоўваць у вучняў захапленне асобай Івана Мележа, выклікаць цікавасць да рамана.
Форма правядзення ўрока: урок-лекцыя з элементамі гутаркі.
Тып урока: урок па вывучэнні жыццёвага і творчага шляху пісьменніка.

Абсталяванне:
1.     Н.Шчасная “ Партрэт Івана Мележа”, Л. Талбузін. Медаль “Іван Мележ”, “Збор твораў у 10 тамах” (1979-1985 гг.)
2.     Сказ пра Івана Мележа : фотаальбом / уклад. А. Адамовіч.- Мінск, 1984.
3.     Літаратура пра творчасць пісьменніка (А. Адамовіч, Дз. Бугаёў,                  У. Гніламёдаў, П. Дзюбайла, Ф. Куляшоў і інш.)
4.     Кластары 1, 2.
5.     Музыка
6.     Эпіграф:     
                                      Зямліцы роднай ён так шмат аддаў
                                      Крыві, здароўя, таленту і працы,
                                      Што забіраць яго ад ніў і траў
                                      Яна, матуля, не магла спяшацца.
                                      Не веру я бязлітаснай жарстве,
                                      Што холадам магільным ён рукі коле.
                                                                          Г.Бураўкін
                                  
  Ход урока:
1.Арганізацыйна-матывацыйны этап.
2.Дамашняе заданне:
   1). Настаўнік прапаноўвае вучням план, па якім на наступных занятках трэба будзе расказаць аб жыцці і творчасці пісьменніка.
                       План:
1. Уплыў прыроды Палесся, бацькоў на станаўленне І.Мележа.
2. Школа і настаўнікі і іх роля ў духоўным сталенні І.Мележа, у выбары жыццёвага шляху.
3. Спроба залатога медаліста з Глінішчаў паступіць у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і рэалізацыя гэтай спробы праз год.
4. На вайсковай службе на Украіне.
5. Удзел І.Мележа ў Вялікай Айчыннай вайне.
6. Пачатак літаратурнай творчасці: франтавы дзённік,апавяданні.
7. Камісаваны салдат у Бугуруслане.
8. І.Мележ – студэнт, ваенрук БДУ ў Сходні пад Масквой.
9. Вяртанне ў Беларусь.
10. Літаратурная слава пісьменніка.
11. Творчыя планы, прычыны незавершанасці рамана “Завеі.Снежань”.
2). Прачытаць раман Івана Мележа “Людзі на балоце”
3.Уступнае слова настаўніка. Беларусь вабіць прыгажосцю сваіх краявідаў. Чаруюць вока блакітныя рэкі і азёры, зялёныя лясы і пералескі, шырокія палі і лугі… Але найбольш славіцца зямля пад белымі крыламі людзьмі. Менавіта яны складаюць багацце краіны, яе залаты фонд, праслаўляюць і будуць праслаўляць Беларусь. Пачэснае месца сярод гэтай кагорты займае Іван Мележ. Сёння на ўроку мы з вамі пазнаёмімся з творчасцю гэтага выдатнага пісьменніка, з творамі якога вы знаёмы з папярэдняга вопыту. Нагадайце напачатку, якія творы гэтага пісьменніка вам ужо знаёмы? (“У гарах дажджы”, “Спатканне за горадам”). Давайце звернемся да яго жыццёвага і творчага шляху.
На экране з’яўляецца прэзентацыя “Іван Мележ”
4. Вывучэнне новага матэрыялу.
 Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Няма сёння хаты, дзе пабачыў свет пісьменнік. Яе спалілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты. Пасля трагічнага 1986 года родныя мясціны Івана Мележа забруджаны радыяцыйным пылам.
Жыццё сялянскага хлопчыка Івана, як і большасці вясковых дзяцей, праходзіла на ўлонні прыроды. Спачатку былі простыя дзіцячыя гульні, дзе хмызняк, асака, дрэвы хлапечай фантазіяй ператвараліся ў дзіўны, чароўны свет. Бясконцыя лясы і бязмежныя балоты захаплялі сваёй таямнічасцю і хараством, будзілі фантазію. Яны з дзяцінства ўваходзілі ў жыццё пісьменніка і станавіліся яго духоўна-эстэтычным набыткам. “Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшым, даражэйшым. Багата можа быць у чалавека за жыццё іншых куткоў, і больш слаўных, і больш выдатных, але гэты куток, і не слаўны, і не выдатны, можа, нічым, не забываецца, не адступае ў далеч, сярод іншых дарагіх, хвалюючых успамінаў – ён самы дарагі, самы шчымлівы! Куток гэты – твая хата, дзе мы вучыліся бегаць, дзе чулі цеплыню матчыных рук і цеплыню сэрца нашага маленства.”(Т.8.С.177). (Дэманструецца фотаздымак “І.П.Мележ у родных ваколіцах”)
Хлопчык акрамя хараства родных краявідаў убірае ў сябе і тыя маральныя законы, па якіх жылі яго землякі. Прыкладам жыццёвай мудрасці і справядлівасці  найперш была маці. Яна ведала многа песень і любіла спяваць. Гэтая любоў да народных песень перадалася і сыну. Пісьменнік захапляўся самабытны розумам маці: “Мая маці – амаль непісьменная і цяпер; але, калі я прыязджаю дадому, калі гавару з ёю пра складанейшыя з’явы жыцця, мяне заўсёды здзіўляе і ўражвае правільнасць яе меркаванняў, глыбіня разумення жыцця і людзей”(Т.8.С.194). з дзяцінства ўсвядоміў Іван Мележ, што жыць без працы нельга. Прыкладам руплівасці, цягавітасці, гаспадарлівасцібылі бацькі. На ўсе Глінішчы славіліся незвычайным спрытам у працы маці, а бацька зай маўся яшчэ і бандарствам. З дзяцінства працаваў і Іван. Спачатку пастушком, у пагоду і непагадзь, вясною, золкай восенню быў са статкам. Пазней былі штодзённыя няблізкія кіламетры ў школу, адначасова праца на полі, у лесе, на лузе.
Вялікую ролю ў духоўным сталенні Івана Мележа адыгралі настаўнікі. Праскоўя Андрэеўна Дашко была тым цэнтрам, вакол якога ў глухой палескай вёсцы ў тыя гады разгортвалася асветніцкая і культурная праца. Светлы воблік першай настаўніцы паслужыў Мележу правобразам Параскі ў кнігах “Подых навальніцы” і “Завеі снежань”. У школе захапіўся літаратурай. Любімымі Мележавымі пісьменнікамі сталі Я.Купала, А.С.Пушкін, К.Крапіва, Н.А.Някрасаў, П.Трус, М.Ю.Лермантаў, Т.Р.Шаўчэнка, М.Багдановіч і інш. Юнак нават перапісваў творы гэтых аўтараў у запаветны сшытак. Гэты факт дарэчы, падштурхнуў і да напісання ўласных твораў. Спачатку пісаў вершы, хаваючы ад усіх, аж пакуль аднойчы сшытак з паэтычнымі спробамі  Івана Мележа не трапіў у рукі настаўніку літаратуры Хойніцкай дзесяцігодкі Міхаілу Іванавічу Пакроўскаму. Ён прачытаў вершы і, мусіць адчуў у сваім выхаванцы талент, бо паклікаў хлопца ў настаўніцкую і там доўга і з павагай гаварыў пра яго творчыя спробы, раіў не кідаць пісаць, а працаваць сур’ёзна далей. Юнак выйшаў з настаўніцкай акрылены. Іван Мележ пачаў пасылаць свае творы ў розныя рэдакцыі. Яго вершы будуць апублікаваны пазней, калі юнак з Глінішчаў закончыць школу. (Дэманструецца фотаздымак “Юначыя мары”.)
Мележ вучыўся добра і скончыў Хойніцкую дзесяцігодку з залатым медалём. Закончыўшы школу, будучы пісьменнік спарабуе паступіць у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Пасля няўдачы ён вяртаецца ў Хойнікі і пачынае працаваць інструктарам райкама камсамола(1938). На сваім нязменным веласіпедзе Мележ скалясіў увесь раён. У вольны час юнак пісаў. І, нарэшце, у 1939 годзе ў газеце “Чырвоная змена” быў апублікаваны першы верш “Радзіме”. Праз некаторы час у рэспубліканскім друку з’явілася яшчэ некалькі яго твораў.
Праз год хлопец з палескай вёсачкі Глінішчы зноў паехаў у той самы Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. І на гэты раз Іван Мележ стаў студэнтам (1939) і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў на Украіне, спачатку ў Данбасе, а потым на граніцы ў Карпатах.(Дэманструецца фотаздымак  “Іван Мележ – салдат.”)Вайна … аказалася… нечаканай, незвычайнай, непараўнанай ні з чым, страшнай бядою. Доўга балюча гнёў душу разлад паміж нядаўняй лагоднасцю, маладой любоўю да зямлі, да жыцця і жорсткасцю бамбёжак і першых смерцяў. Адно я ведаю цвёрда – нас не перамогуць”(з дзённіка пісьменніка). Летам 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце - на Збручы, пад Уманню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. Часць, дзе служыў Іван Мележ , тройчы трапляла ў акружэнне і тройчы прабівалася з кальца. У франтавых умовах ён вёў дзённік. Пазней мастак слова не раз будзе падкрэсліваць, што з гэтых запісаў, па сутнасці, пачалася яго творчая праца як празаіка. У 1969 годзе быў апублікаваны гэты дзённік “У пачатку вайны”. Асобным выданнем ваенны дзённік Мележа пабачыў свет пасля смерці пісьменніка пад назвай “Першая кніга”. Іван Мележ  прызнаваўся: “Гэта адна з самых дарагіх, выпакутаваных мною рэчаў” (Т.8.С.552). У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 г. - у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Мінску). У 1944 годзе ў газеце “Звязда” было апублікавана першае апавяданне Івана Мележа “Сустрэча”. Праз год скончыў універсітэт і паступіў у аспірантуру. Але замест навуковай працы напісаў шэраг апавяданняў, якія склалі яго першую кнігу “У завіруху” (1946). У гэтым жа годзе Іван Мележ напісаў свой першы буйны твор – аповесць “Гарачы жнівень”. Аповесць “Гарачы жнівень” дала назву другому зборніку  Мележа. Зборнік убачыў свет у 1948 годзе. У гэты зборнік увайшлі апавяданні, у якіх апавядаецца пра дзейнасць партызан, франтавікоў. Пазней пісьменнік крытычна атазваўся аб сваёй ранняй творчасці. Памяць вайны была вельмі моцнай у пісьменніка, былога салдата. Яна клікала расказаць пра перажытае. У 1947 годзе Іван Мележ пачаў працаваць над вялікім эпічным палатном – раманам “Мінскі напрамак”.  Пасля гэтага твора Мележ пісаў аповесці, нарысы, п’есы. Творчасць гэтых гадоў вызначаецца жанравай і стылёвай  разнастайнасцю.  Пазней пісьменнік ацаніў гэтыя гады як пошукі самога сябе, як імкненне асэнсаваць зробленае, знайсці свой твар, выпрацаваць свой стыль. У гэты час пісьменнік выношваў задуму свайго самага значнага твора – “Палескай хронікі”. Працаваць над ёю пачаў з сярэдзіны 50-х гадоў. У 1961 годзе быў апублікаваны раман “Людзі на балоце”, які з захапленнем сустрэлі чытачы. У 1962 годзе гэты твор быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа. Другая кніга “Палескай хронікі” – “Подых навальніцы” – пабачыла свет у 1965 годзе. У1972 годзе за гэтыя кнігі Івану Мележу была прысуджана Ленінская прэмія. 1 канцы 60-х і ў 70-я гады пісьменнік працягваў працу над трэцяй кнігай задуманага цыкла “Завеі, снежань”, якая была надрукавана ў 1976 годзе. У накідах засталіся яшчэ два творы з “Палескай хронікі” – “За асакою - бераг”, “Праўда вясны”. “Палеская хроніка” была этапным творам у пісьменніцкім лёсе Івана Мележа і сведчыла пра тое, што канчаткова акрэслілася яго мастацкае аблічча: “Кнігі гэтыя ўвабралі не толькі мой жыццёвы, але і творчы вопыт. Я хацеў дасягнуць у іх сінтэзу, сплаву ўсяго таго карыснага, што ўдалося здабыць за гады літаратурнай працы”(Т.8.С.422). Мележ таксама выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. - сакратар, а ў 1971-1974 гг. - намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. Сябра СП СССР з 1945 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1972).
Здароўе пісьменніка горшылася. Ён, мусіць, разумеў, што лёс яму адмераў няшмат часу, і працаваў асабліва напружана. Івану Мележу вельмі хацлася завяршыць “Палескую хроніку”. Не ўдалося рэалізаваць задуманае нават пры такой напружанай працы, бо так нечакана абарвала жыццё. 9 жніўня 1976 года Івана Мележа не стала.
Храналогія твораў пісьменніка:
Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), «Жыццёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976), «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977). Аўтар рамана «Мінскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданне ў 1974), цыкла раманаў «Палеская хроніка» - «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978). У 1969-1971 гг. выйшаў Збор твораў у 6-ці, у 1979-1985 гг. - у 10 тамах.
Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам - «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. - «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).
5.Паведамленне вучня: Гісторыя напісання рамана “Людзі на балоце”
Прыкладны змест паведамлення:
Працу над раманам “Людзі на балоце” пісьменнік распачаў у другой палове 50-х гадоў ХХ ст. гэта быў час, калі хрушчоўская адліга выклікала ў жыцці грамадства істотныя перамены, якія дазволілі літаратуры з большай свабодайна некаторыя з’явы нашай гісторыі. Гэтую магчымасць І.Мележ скарыстаў спаўна. Як адзначаў сам пісьменнік, “Людзі на балоце” ў такім выглядзе, у якім яны напісаны маглі  з’явіцца толькі пасля тых перамен, што адбыліся ў выніку ХХ з’езда партыі.
На традыцыйнасць і наватарства рамана “Людзі на балоце”, як і ўвогуле ўсёй “Палескай хронікі”, уплывалі розныя фактары, і ў першую чаргу час, у які пісаліся творы. Для беларускай літаратуры 60-70 гадоў была характэрна павышаная ўвага да чалавека працы ва ўсёй разнастайнасці праяўлення яго характару. Менавіта такіх герояў паказвае І.Мележ, звяртаючы ўвагу на самабытнасць іх характараў, скарыстоўваючы арыгінальныя мастацкія сродкі. Гэтыя сродкі выяўляюцца ў форме рамана – хронікі, якую абраў аўтар, разгортваючы падзеі ў храналагічнай паслядоўнасці і ахопліваючы па часе прыблізна два гады, у адсутнасці галоўнага і скразнога героя. У цэнтры ўвагі пісьменніка ў асноўным застаюцца чатыры сям’і: Чарнушкаў, Дзятлаў, Глушакоў, Дамецікаў. У залежнасці ад таго, якая праблема больш цікавіць аўтара, у рамане скіроўваецца ўвага на таго героя, праз вобраз якога гэту праблему можна раскрыць найбольш поўна. Усе падзеі ў рамане сюжэтна абумоўленыя. Аўтар паступова паказвае, як нарастае канфлікт паміж Васілём і Яўхімам, як асабістае перарастае ў сацыяльнае, звязанае з тымі вялікімі пераменамі, якія прынёс новы час у жыццё палескай патрыярхальнай вёскі. Скарыстаны аўтарам палескі дыялект паглыбляе эмацыянальнае ўздзеянне на чытача, а няўласна - простая мова дапамагае больш глыбока прасачыць працэс самараскрыцця герояў.  
6. Замацаванне матэрыялу
1.     Пры дапамозе кластараў 1, 2 ( “Дарогамі жыцця пісьменніка”, “Што мы ведаем?”) настаўнік разам з вучнямі замацоўвае найбольш падзейныя факты з жыцця пісьменніка. (Пры чым пажадана, каб кластары былі перад вачыма вучняў на пачатку лекцыі, каб ім лягчэй было занатоўваць інфармацыю ў сшытак).
2.     Настаўнік праводзіць франтальнае апытванне для замацавання матэрыялу па творчасці пісьменніка.
1. Дзе, калі і ў якой сям’і нарадзіўся І.Мележ?
2. Што вы ведаеце пра яго дзяцінства?
3. Раскажыце пра яго навучанне?
4. Чаму ён не скончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры?
5. Ці ўдзельнічаў пісьменнік у ваенных дзеяннях у час ВАв?
6. Дзе і калі атрымаў І.Мележ вышэйшую адукацыю?
7. У якім годзе ён атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі?
8. За які твор і калі ён быў удастоены Ленінскай прэміі?
9. Што вы ведаеце пра яго творчасць?
10. Дзе і калі памёр І.Мележ?
Настаўнік. Каб вам лягчэй было чытаць раман “Людзі на балоце” давайце перш наперш вызначымся з такім паняццем як стыль.
Мастацкі стыль – гэта сукупнасць устойлівых ідэйна-мастацкіх асаблівасцей творчасці пісьменніка, абумоўленых яго палітычнымі поглядамі, эстэтычнымі прынцыпамі, адметнасцю творчай індывідуальнасці.
Стыль – гэта сукупнасць усіх выяўленчых прынцыпаў, якімі карыстаецца пісьменнік.
Мова пісьменніка – праяўленне стылю пісьменніка. Мова – відавочны носьбіт стылю, як знешняя форма твора.
Стыль І.Мележа – псіхааналітычны.
Псіхалагічны аналіз – гэта даследванне глыбокіх, складаных, часта супярэчлівых чалавечых перажыванняў і ўчынкаў у адзінстве з прычынамі, якія іх выклікаюць. Ён дае магчымасць мастаку намаляваць цэласны характар чалавека.
Вялікую ролю адыгрывае ў рамане пейзаж.
Вялікую ролю адыгрывае ў рамане для раскрыцця ўнутранага свету няўласна – простая мова, дыялогі.
Заключнае слова настаўніка. Ацэньваючы творчасць Рамэна Рамана, І.Мележ аднойчы так сказаў: “Музыказнаўца-вучоны, творца-пісьменнік, публіцыст-баец. Неяк не хочацца верыць у тое, што гэта ўсё зрабіў кволы чалавек, якому ўсё жыццё даводзілася дужацца з бясконцымі хваробамі. Але гэта разам з тым выклікае іншую думку, думку гонару і захаплення: якую трэба мець моц духу, якое вялікае трэба было мець сэрца, якой вялікай любоўю трэба было жыць, каб столькі даць ім, каб так узбагаціць…”. Гэтыя словы з поўным правам можна аднесці і да самога Мележа.
7. Рэфлексія
Працягніце незакончаныя сказы
1.Сёння я…
2.Я зразумеў,што….
3.Мяне зацікавіла….
4.Мяне засмуціла….
5.Я запомніў,што…
6.Я думаю,што…
8. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.


Кластар 1.
       Дарогамі жыцця пісьменніка
Гады жыцця
Падзеі
8 лютага 1921г.

1939г.

1940г.

1942г.

1943г.

1944г.

1946г.

1947г.

1961г.

1962г.

1965г.

1975г.

1976г.

9 жніўня 1976г.


Кластар 2.
             Што мы ведаем?
               ІВАН МЕЛЕЖ





1 комментарий: