О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

среда, 7 февраля 2018 г.

План – канспект урока беларуская літаратуры ў 6 класе Тэма : Сяргей Тарасаў. “Еўфрасіння Полацкая”

Дзяржаўная ўстанова адукацыі ”Сярэдняя школа №14 г. Полацка”








План – канспект урока беларуская літаратуры ў 6 класе





Тэма :
Сяргей Тарасаў. “Еўфрасіння Полацкая”










Падрыхтавала
Алексіна Г.П, настаўнік
беларускай мовы і літаратуры 1 катэгорыі




Полацк 2017



Адкрыты ўрок па беларускай літаратуры ў 6 «Б” класе


Тэма: Сяргей Тарасаў. “Еўфрасіння Полацкая”

Мэта: - узнавіць і пашырыць веды вучняў пра беларускую асветніцу і
святую Еўфрасінню Полацкую, пазнаёміць з мастацкім увасабленнем яе
вобраза ў творы С. Тарасава;
- выявіць вучнёўскія ўражанні ад прачытанага тэксту;
- дапамагчы асэнсаваць веліч постаці асветніцы, яе ролі ў беларускай гісторыі;
- спрыяць фарміраванню ў вучняў творчых, разумовых і даследчых здольнасцей, развіваць навыкі выразнага чытання, вуснага маналагічнага маўлення, умення працаваць у групах;
 - спрыяць выхаванню павагі да сваёй гісторыі, свайго народа.

Ход урока:

1. Арганізацыйны момант.
2. Уступнае слова настаўніка.


Мінуласць  ляжыць  надмагільным  вянком 
 над тымі, што ў смерці застылі,
 ззяе  святлом  праз  цемру  вякоў
 святое імя Еўфрасінні. 

1 чытальнік
Беларусь, твая дачка я.
Зярнятка я, а ты мая ралля.
Якой жа мовы ад мяне чакаеш
Ты, узрасціўшая мяне зямля?

2 чытальнік
Я крывінка твая – крывічанка,
Я былінка твая – палачанка,
Як над пожняй тужлівая чайка,
Я лячу да цябе , Радзіма,
Са святога Ерусаліма.


3 чытальнік
Чую звон твой Сафія, чую
Скрозь стагоддзі і скрозь муры
У бяскрайнюю ноч глухую
І пад час світальнай зары!

4 чытальнік
Беларусь – Ефрасіння Святая,
памаліўшыся на раздарожжы,
павярні свае вочы да Божых –
Добры Божа цябе прывітае.

- Скажыце , калі ласка, пра каго ідзе гаворка ў гэтых вершаваных
радках? Абгрунтуйце сваю думку.
3. Тлумачэнне і замацаванне новага матэрыялу.
Сапраўды, вершы прысвечаны Еўфрасінні Полацкай, унучцы слаўнага
князя Усяслава Чарадзея, якая засталася жыць у памяці нашчадкаў. І сёння мы з вамі здзейснім падарожжа ў далёкае XII стагоддзе… Эпіграфам да нашага ўрока будуць словы Дануты Бічэль. Тэма сённяшняга ўрока: Сяргей Тарасаў. “Еўфрасіння Полацкая” ( запішыце, калі ласка, яе ў сшыткі).
Мэта – узнавім і пашырым вашы веды пра беларускую асветніцу і святую Еўфрасінню Полацкую, пазнаёмімся з мастацкім увасабленнем яе вобраза ў творы С. Тарасава; выявім вашы ўражанні ад прачытанага тэксту; асэнсуем веліч постаці асветніцы, яе ролі ў беларускай гісторыі; будзем фарміраваць творчыя, разумовыя і даследчыя здольнасці, развіваць навыкі выразнага чытання, вуснага маналагічнага маўлення, умення працаваць у групах; выхоўваць павагу да сваёй гісторыі, свайго народа.
2. Запісаць асацыятыўны радок на вобраз Еўфрасінні Полацкай
(запісаць у слупок).
      Зачытванне слоў-асацыяцый  (найбольш пашыраныя паняцці: храм, свяча, келля, кніга, Крыж, пяро)
3.      Разгляд мастацкага твора С.Тарасава “Еўфрасіння Полацкая”
Для таго, каб дасягнуць пастаўленых мэт, вы падзелены на групы:
“Чытальнікі”, “Гісторыкі”, “Даследчыкі”. Дарэчы, прадстаўнікі групы
“Чытальнікі” перад намі ўжо выступалі. А ўсе разам мы з вамі будзем яшчэ крытыкамі і аналітыкамі.У канцы ўрока кожная група прадставіць свой праект “ Еўфрасіння Полацкая”, падрыхтаваныя для гэтага лісты ляжаць у вас на партах. На прыканцы ўрока ў вас павінна там з’явіцца ўсё тое, што, на вашу думку, звязана з імем славутай асветніцы.
Я ўжо вам сказала, што сёння мы адправімся ў старажытны Полацк XII
стагоддзя. А яшчэ, каб лепш арыентавацца ў падзеях далёкага мінулага, мы з вамі патлумачым лексічнае значэнне некаторых слоў:
Манастыр – 1. Рэлігійная абшчына манахаў або манашак, якая ўтварае
царкоўна-гаспадарчую арганізацыю. 2. Тэрыторыя, царква і жылыя
памяшканні такой абшчыны.
Сабор – галоўная або вялікая царква ў горадзе, манастыры.
Царква – 1. Аб’яднанне паслядоўнікаў той або іншай рэлігіі,
арганізацыі, якая кіруе рэлігійным жыццём. 2. Памяшканне, у якім
адбываецца набажэнства.
Ігумення – настаяцельніца праваслаўнага манастыра.
Перш, чым перайсці да аналізу твора С. Тарасава мы паслухаем
выступленні прадстаўнікоў груп “ Гісторыкі” і “Даследчыкі”.
- Што вы ведаеце пра Еўфрасінню Полацкую?
Паведамленні групы “Гісторыкі”.
Паведамленне 1.Вядома, што да таго, як Еўфрасіння пайшла ў
манастыр, яе імя было Прадслава . Жыла яна ў багатай сям’і. Калі споўнілася 12 гадоў, Прадслава пайшла ў манастыр, дзе перапісвала кнігі.
Паведамленне 2.Прадслава прыходзіць у манастыр. Яе цётка, удава
князя Рамана Усяславіча, якая была ігуменняй, імкнецца яе адгаварыць. Але Прадслава дабіваецца свайго і пад імем Еўфрасіння таемна ад бацькоў прымае пострыг, ахвяруючы сябе Хрысту. Даведаўшыся пра ўчынак дачкі, князь Святаслаў-Георгій ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па Прадславе, як па нябожчыцы.
Паведамленне 3.Я ведаю, што ў манастыры яна шчыра малілася, а
таксама прадавала кнігі, грошы ж аддавала бедным людзям.
Паведамленне 4. Я чытала пра крыж, які для Еўфрасінні зрабіў Лазар
Богша. Гэты крыж быў вельмі каштоўны для Беларусі, але, на жаль, ён знік у час вайны.
- Такім чынам, мы выявілі вашы веды пра Еўфрасінню Полацкую.
Апавяданне Сяргея Тарасава раскажа нам пра дзейнасць Еўфрасінні
Полацкай. Імя Сяргея Тарасава вам невядома, таму пра яго нам раскажа
група “ Даследчыкі”.
Паведамленні групы “ Даследчыкі”.
Паведамленне 1.Сяргей Васільевіч Тарасаў – кандыдат гістарычных
навук. З 1982 па 2006 год працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай
акадэміі навук Беларусі. Быў загадчыкам аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду. Даследаваў старажытны Мінск, праводзіў раскопкі. Аўтар больш за 50 навуковых прац, аўтар падручніка “Мая Радзіма – Беларусь” для 4 класа.
Паведамленне 2.Аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў “Вясёлы ветрык”,
“Фрэскі”, сааўтар мастацкіх зборнікаў. Ён быў вядучым шэрагу тэлепраграм на беларускім тэлебачанні: “Скарбы беларускай гісторыі”, “Кола часу” і іншых.
Першаснае ўспрыманне твора
Аналіз твора па агульных пытаннях:
- Зачытайце радкі пра старадаўні Полацк, у якім гадавалася
Прадслава.
Хочацца, адзначыць, што, па меркаваннях вучоных, менавіта ў Полацку
знаходзіцца цэнтр Еўропы. Можа, гэта і , сапраўды, так, бо не адну славутую і знакамітую асобу нарадзіла гэта зямля . Полацк і ў старажытнасці,і зараз прыгожы, усё тут дыхае гісторыяй.
- Куды спяшаецца Прадслава?
- Чаму ў горадзе добра ведалі дзяўчынку? Чым яна вызначалася?
- Які шлях выбрала сабе Прадслава? Чаму?
- Чаму яна не вышла замуж?
- Дзе спачатку жыла Еўфрасіння? Чым займалася?
- Які манастыр пабудавалі пад Полацкам? ( Спаскі)
- Чаму цягнуліся сюды людзі?
- Якія справы сталі для Еўфрасінні важнымі і галоўнымі ў жыцці?
- Чым яна заслужыла шырокую вядомасць, людскую любоў і
ўдзячнасць?
- Да чаго Еўфрасіння заклікала людзей? Якія яе павучэнні і запаветы
трэба ведаць?
Фізкультхвілінка
Усе дружна ўсталі і пацягнуліся. Зараз мы з вамі здзейснім рытуал.
Цягніцеся як мага вышэй да столі, а, калі зможаце, то і да самаго сонейка. Схапіце рукамі тую нябачную нітку і паднясіце да свайго сэрца. Будзем лічыць, што гэта нітка – ваш поспех, ваша шчасце. Зараз раскіньце рукі на поўную шырыню – чым шырэй, тым даўжэйшай будзе ваша нітка. А зараз зматайце яе ў клубок і пакладзіце ў кішэню, няхай вам заўсѐды шанцуе.
Сядайце на свае месцы будзем працаваць далей, каб спадарыня мова
дазволіла нам прадягнуць наша падарожжа ў мінулае далей.
Аналіз твора па пытаннях да кожнай групы:
Група “Даследчыкі”:
1. Чым прывабіў вас вобраз Еўфрасінні ў творы С. Тарасава?
2. На што вы звярнулі асаблівую ўвагу? Абгрунтуйце чаму.
Група “ Чытальнікі”:
1. За якое дабро людзі дзякавалі Еўфрасінні?
2. Знайдзіце і зачытайце ў тэксце радкі, якія перадаюць гонар за
справы Еўфрасінні Полацкай, за радасць ад усведамлення таго, што яна дачка зямлі беларускай.
Група “Гісторыкі”:
1. Вызначце галоўную думку твора С. Тарасава.
2. Растлумачце сэнс радкоў эпіграфа да ўрока.
Прагляд відэа
А зараз, калі ласка, паглядзіце невялікі відэафільм пр Еўфрасінню
Полацкую. Ён дапаможа сістэматызаваць нашы веды пра беларускую
асветніцу і закончыць выкананне праекта.
Выкананне і абарона праекта
- Еўфрасіння Полацкая – заступніца Беларусі. У праваслаўі існуюць
розныя формы ўшанавання святых. Адна з іх – гэта святкаванне 5 чэрвеня дня памяці Еўфрасінні Полацкай.
4. Падвядзенне вынікаў, выстаўленне адзнак
Тэст
1. Якое імя было ў Еўфрасінні Полацкай да пострыгу?
а) Еўдакія ; б) Прадслава; в) Еўпраксія
2. Як звалі бацьку Еўфрасінні ?
а) Рагвалод; б) Святаслаў-Георгій; в) Усяслаў
3. Колькі гадоў было Еўфрасінні, калі яна прыйшла ў
манастыр?
а) 16; б) 20; в) 12
4. Настаяцельніцай якога манастыра стала Еўфрасіння?
а) Спаскага; б) Мірскага; в) Сафійскага сабора
5. Кім па замове Еўфрасінні Полацкай быў зроблены крыж?
а) Рагвалодам; б) Іаанам; в) Лазарам Богшам
6. Дзе памерла Еўфрасіння Полацкая?
а) у Полацку; б) у Іерусаліме
7. Калі святкуецца дзень памяці Еўфрасінні Полацкай?
а) 5 мая; б) 5 чэрвеня; в) 6 ліпеня
- На ўроку мы даведаліся…
- Вучыліся…
- Можам прымяніць свае веды…
Заключнае слова настаўніка
У Евангеллі ёсць цудоўная прытча пра сейбіта, які ранняй вясной
выйшаў у поле, каб пасеяць зерне. Ідзе сейбіт па свежых барознах і старанна
рассейвае насенне. Частка зерня падае пры дарозе, частка – на камяністую
глебу ці ў зямлю, зарослую калючкамі. Але тое, што ўпала на добрую глебу,
дасць у сто раз багацейшы ўраджай.
Вось такім першым сейбітам духоўнага насення – была наша славутая
Прадслава са слаўнага горада Полацка, якая ў XII стагоддзі зразумела
вялікую ролю асветы ў жыцці народа і аддала гэтай справе ўсе свае сілы.
4.     Д/з Пытанні 8-9 с. 204.

Комментариев нет:

Отправить комментарий