О нас

На роспач не маеш права, Хаваеш слабасць і стому. Твая нялёгкая справа Жыццё адкрываць другому. Любові навучыць адданай Да роднай пявучай ...

среда, 7 февраля 2018 г.

Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Аднасастаўныя сказы” 8 клас

Урок па беларускай мове ў 8 класе


Настаўнік   Алексіна Ганна Пятроўна


Тэма. Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме
           “Аднасастаўныя сказы”


Мэта:  падагульніць і сістэматызаваць веды пра
           аднасастаўныя сказы;
           замацаваць уменне вызначаць, класіфікаваць адна-
           састаўныя сказы, выкарыстоўваць іх у вусным і пісь-
           мовым маўленні; фарміраваць навыкі самастойнай працы, 
           развіваць пазнавальную цікавасць да прадмета,
           выклікаць цікавасць да духоўнай спадчыны беларусаў.


Тып урока: урок паўтарэння і абагульнення вывучанага.


Форма правядзення: ролевая гульня


Ход урока.

1.    Актуалізацыя ведаў вучняў па вузлавых пытаннях вывучанага.

                                          Мазгавы штурм

Зараз вы праслухаеце некаторыя правільныя і няправільныя сцвярджэнні. Вы павінны згадзіцца або не згадзіцца і абгрунтаваць свой адказ.

Вы згодны з тым, што...
А) сказ – асноўная сінтаксічная адзінка,
Б) што аднасастаўны сказ – гэта сказ, у якім ёсць толькі адна граматычная аснова,
В) што аднасастаўныя сказы бываюць толькі развітымі,
Г) што сказ Летняя раніца нельга перабудаваць у безасабовы,
д) што сказ Даўно не бачыў цябе аднасастаўны, няпэўна-асабовы,
е) што аднасастаўныя сказы часцей ужываюцца ў гутарковай мове і мове мастацкай літаратуры,
ё) што сказ з галоўным членам дзейнікам называецца назыўным,
ж) што абагульнена-асабовыя сказы часцей сустракаюцца ў прыказках,
і) што ў саставе назыўных сказаў могуць быць акалічнасці,
к) што безасабовыя сказы  могуць выражаць стан прыроды або чалавека.


Размінка

Кожная група атрымлівае картку з напісаным сказам. Трэба вызначыць від сказа, спосаб выражэння галоўнага члена сказа.

А) У сераду не смейся, у нядзелю не плач.
     Б) Птушку пазнаюць па палёце.
     В) Белы снег завеяў усе дарогі.

      А) Люблю цябе, мой Нёман родны.
      Б) Яркі летні дзень.
      В) З чужой бяды не смейся.

      А) У лесе заўсёды хораша думаецца.
       Б) Іду дарогаю лясной.
       В) У хаце яго не адразу пазналі.


2.    Праца творчых груп.

У складзе групы 3-4 вучні. Кожны выконвае пэўную ролю.
1 вучань – “тэарэтык”
2 вучань – “практык”
3 вучань – “творца”

Кожны вучань “практык” і “творца” атрымоўваюць картку з заданнем і працуюць па ёй.

Гульня “Хто лепш ведае і помніць”. Удзельнічаюць “тэарэтыкі”
   Для гульні падрыхтаваны карткі, якія дзеляцца на пары: на адной пішацца паняцце, на другой – азначэнне гэтага паняцця. Задача ўдзельніка гульні – знайсці карткі, якія ўтвараюць пару.
Пасля гульні “тэарэтыкі” атрымоўваюць заданне: запоўніць кластэр.

Заданне для “тэарэтыкаў”


Знайдзі памылку ў вызначэнні тыпу сказаў:
А) Птушку пазнаюць па палёце. – абагульнена-асабовы
Б) Люблю цябе, мой Нёман родны. – назыўны
В) Мне стала маркотна і сумна. - безасабовы
Г) Гляджу на зялёную сопку. – пэўна-асабовы


Заданне для “практыкаў”

  1. Адзначце правільнае сцвярджэнне:
Аднасастаўныя сказы з галоўным членам выказнікам падзяляюцца...
А) на пэўна-асабовыя
Б) няпэўна-асабовыя,
В) абагульнена-асабовыя
Г) безасабовыя,
Д) назыўныя.

  1. Адзначце аднасастаўныя развітыя сказы:
А) Раніца.
Б)  Халодны вечар.
В) Марозіць.
Г) Снег.
Д) Спяшаюся ў школу.
Е) Люблю жыццё.
Ё) Маці чакае сына.

  1. Адзначце аднасастаўныя пэўна-асабовыя сказы:
А) Дзякую вам за добрыя словы.
Б) Ідзі смялей, стаў цвёрды крок.
В) Прынеслі ў кошыку грыбы.
Г) Мяне рана разбудзілі.
Д) Са мной нават не пагаварылі.
Е) Не рабі ліхога і не бойся нічога.

  1. Адзначце простыя двухсастаўныя сказы.
А) Таццяна звярнула са шляху на сцежку.
Б) Па роснай траве шпарка крочым да ракі.
В) Паглядае Кацярына на бярозавы бальшак.
Г) Выйду на ціхі зялёны бальшак.
Д) Начное рэха данесла гук далёкага ўзрыву.
Е) Па ваду да крыніцы ідзем цераз луг.

  1. Адзначце  назыўныя сказы.
А) Гарачы летні дзень.
Б) Духмяная цішыня густа наплывае з-за вербалозаў.
В) Чэрвеньская спёка.
Г) Дзікі свіст і бразгат.
Д) Дарога сціскаецца лесам і спускаецца ў лагчыну.

  1. Адзначце безасабовыя сказы.
А) У хаце вучням не сядзіцца.
Б) Старых патрэбна паважаць.
В) Ніхто так дзецям не спагадае, як мама.
Г) На момант у хаце зрабілася ціха.
Д) Над лесам пачынала днець.

  1. Адзначце няпэўна-асабовыя сказы.
А) Рэшатам вады не наносіш.
Б) Вечарэла.
В) З песні слова не выкінеш.
Г) Пакасілі пожні, знялі з ніў красу.
Д) Мяне вельмі позна папярэдзілі аб небяспецы.
Е) Не за сваю справу не бярыся.

  1. Адзначце аднасастаўныя сказы з галоўным членам дзейнікам:
А) Век жыві, век вучыся.
Б) Смачна спіцца на пахкім сене.
В) З балот пацягнула цёплаю вільгаццю.
Г)Работу словам не заменіш.
Д) Смуга над плёсам.
Е) На школьным двары гуляюць у шахматы.
Ё) Паеду заўтра ў Мінск.
Ж) Якая прыгажосць!

  1. Адзначце аднасастаўныя сказы з галоўным членам выказнікам:
А) Светлы дзень.
Б) Якое хараство!
В)Вечарэе.
Г) Вечарам марозіць.
Д) Зноў чыстым збожжам палі засеем.
Е) Зорак з неба не хапаюць.

  1. Адзначце сказ, у якім выдзелены выказнік выражаны дзеясловам у форме 2-й асобы будучага часу абвеснага ладу і называе дзеянне, якое адносіцца да любой асобы:
А) Не парушаю правіл руху.
Б) Па тэлебачанні будуць паказваць мастацкі фільм.
В) У Галі пасвятлела на душы.
Г) Па нітачцы і клубочак знойдзеш.
Д) На граніцы паласу барануюць, нібы ў полі.

  1. Адзначце назыўныя неразвітыя сказы.
А) Школа.
Б) Вечар.
В) Звечарэла.
Г) Халодная зямлянка.
Д) Знаёмая даль.
Е) Лес і поле.
Ё) Мне сумна сёння.

  1. Адзначце безасабовы сказ.
А) Сябруем са смехам і песняй крылатай.
Б) Вось і родная вёска.
В) Бяздонную бочку вадой не нальеш.
Г) За песні і весялосць празвалі Васіліну ў вёсцы Вяснянкай.
Д) Многа было сказана харошых слоў і пажаданняў.
Е) Апейка да позняй ночы не спаў.


Заданні для “творцаў”

  1. Выкарыстоўваючы матэрыял з кнігі Я.Крука “Сімволіка беларускай народнай культуры”, А.Лозкі “Беларускі народны каляндар”, падрыхтуй паведамленне на тэму “Сімволіка дзён у народнай культуры. Серада”
    Сярэдні, “жаночы” дзень тыдня, якому адпавядае няцотны лік “3”, у славян-хрысціян лічыцца нешчаслівым, посным, таму што якраз у сераду Іуда здрадзіў Ісусу Хрысту і выдаў яго. Калі гэты дзень трапляў на “маладзіковую” фазу Месяца, ён лічыўся спрыяльным для закладкі хаты або печы. У той жа час у сераду людзі не пачыналі сеў, не хадзілі ў сваты, не збіраліся ў далёкую дарогу, не купалі дзяцей.
     На Палессі, каб засцерагчы пасевы ад граду, беларусы ўшаноўвалі Градавую сераду – першую пасля Тройцы або чацвёртую пасля Вялікадня (у розных месцах).
       У праваслаўных хрысціян поснай лічыцца не толькі серада, але і пятніца. Магчыма, гэтую акалічнасць падкрэсліваюць некаторыя прыказкі: “Чаго косішся, як серада на пятніцу?”, “Надуўся, як серада на пятніцу”.

  1.  Выкарыстоўваючы матэрыял з кнігі Я.Крука “Сімволіка беларускай народнай культуры”, А.Лозкі “Беларускі народны каляндар”, падрыхтуй паведамленне на тэму “Сімволіка дзён у народнай культуры. Чацвер”.
    “Мужчынскі” дзень, якому адпавядае цотны лік “4”. Людзі лічылі, што аўторак і чацвер (як цотныя дні) найбольш спрыяльныя для пачатку пабудовы хаты.
    Увогуле беларусы былі перакананы, што гэта самы спрыяльны дзень для засолкі або квашання прадуктаў харчавання. У той жа час засолка сала і пасадка агародніны была забаронена, бо дзень лічыўся “чарвівым”. Як правіла, у чацвер людзі запрашалі на вяселле, распачыналі жніво, спраўлялі зажынкі.
     Каб быць багатымі на працягу года, толькі ў чацвер нашы продкі стрыглі пазногці. У чысты чацвер яны купаліся ў крынічнай вадзе на ўзыходзе сонца, тады твар будзе чыстым і белым. На поўдні Беларусі ў чацвер на Велікодным тыдні людзі хадзілі на могілкі ўшаноўваць продкаў.
   
  1. Выкарыстоўваючы матэрыял з кнігі Я.Крука “Сімволіка беларускай народнай культуры”, А.Лозкі “Беларускі народны каляндар”, падрыхтуй паведамленне на тэму “Сімволіка дзён у народнай культуры. Нядзеля”.
       У самой назве чуецца святочнасць, урачыстасць: дзень не для дзела”. Менавіта гэты дзень лічыўся днём уваскрашэння Ісуса Хрыста. Магчыма, гэта надзвычайная падзея паспрыяла таму, што нядзеля стала храмавым днём ( у які вянчалі ў храме).
     У гэты дзень жанчыны не займаліся шматлікімі жаночымі справамі: не мылі бялізну, не купалі дзяцей, не шылі, не вязалі, не ткалі. Адначасова нядзеля лічылася спрыяльнай для выгану першы раз скаціны ў поле. Пажадана, каб маці з дзіцем упершыню выйшла з хаты менавіта ў гэты дзень. Звычаёвае права патрабавала: “У сераду не смейся, у нядзелю не плач”
           

                                                                Фізкультхвілінка
4.     Прэзентацыя работ “творцаў”

5.     Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.

-         Ці зацікавіла вас такая форма работы на ўроку?
-         Ці задаволены  вы сваёй працай?
-         Што цікавага даведаліся?

6.     Дамашняе заданне.

Запісаць, выкарыстоўваючы аднасастаўныя сказы, мясцовыя павер’і, звязаныя з аўторкам, пятніцай, суботай.

Комментариев нет:

Отправить комментарий